20 лістапада завялі крымінальную справу ў дачыненні да 33-гадовага маладзечанца.

У верасні ён выпіваў у Маладзечне ў кампаніі, дзе былі мінчане, што прыехалі ў камандзіроўку.

54-гадовы мінчанін даў знаёмаму сваю картку, каб той набыў выпіўкі і прадуктаў, сказаў пін-код карткі. Маладзечанец набыў усё неабходнае і прынёс у кампанію, дзе працягнулі застолле.

Вярнуўшыся дамоў, жыхар сталіцы заўважыў, што з яго карткі знікла 1000 рублёў. Як стала вядома, грошы для сябе зняў жыхар Маладзечна.

Пра гэта расказаў старшы следчы маладзечанскага РАСК Юры Багушэвіч.