Фота football.by.

Ад рэдакцыі: вы чытаеце навіну ад канца студзеня 2018 года. Мікалай Мятліцкі даў інтэрв’ю “РГ”, у якім сказаў, што аб’яднанне магчыма аб’яднанне маладзечанскай і чысцінскай камандаў. Аднак праз некалькі дзён паведаміў, што ніякага аб’яднання з “Маладзечна” не будзе.

Сёння ў сценах Мінскага аблвыканкама сустрэліся намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Іванавіч Сірэнка, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Дзмітрыевіч Яхнавец, прадстаўнік ФК “Чысць” Мікалай Мятліцкі і прадстаўнік футбольнага клуба “Маладзечна” Андрэй Іваненка. Вынікам сустрэчы стала прыняцце рашэння аб удзеле аб’яднанай каманды Маладзечанскага раёна ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь сярод каманд першай лігі! У бліжэйшы час будзе падрыхтаваны ўвесь неабходны пакет для праходжання ліцэнзавання, а таксама закрытыя іншыя бюракратычныя пытанні. Такім чынам, пры ўмове атрымання ліцэнзіі ўпершыню за апошнія 14 гадоў Маладзечна будзе выступаць у Першай лізе!

Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, мы патэлефанавалі Мікалаю Шрымфу, намесніку начальніка адукацыі, спорта і турызма Маладзечанскага райвыканкама.

– Да нейкага рашэння яшчэ далёка. Іваненка кажа? Ён мае на гэта права. Пакуль жа афіцыйных дакументаў няма.

Аднак, у тым, што у сезоне 2018 года будзе выступаць аб’яднаная каманда, упэўнены Мікалай Мятліцкі:

— Ад пачатку падрыхтоўкі да сезона я гаварыў, што Маладзечанскі раён у нас адзін і прадстаўляць яго ў Першай лізе павінна адна каманда. А тое, што датычыцца афіцыйных дакументаў, мы ўсе прадаставім, выправім, падрыхтуем.

– Пад якой жа назвай будзе выступаць аб’яднаная каманда? 

— Я думаю, назва задаволіць усіх: і чысцінцаў, і маладзечанцаў. Ёсць жа каманда з назвай “Гарадзея”, дзе гуляе ўвесь Нясвіж. Таму, я думаю. нікога не абразіць і не пакрыўдзіць напісанне каманды праз злучок, або з нейкай прыстаўкай.

– А што датычыцца людзей, якія працавалі з ФК “Маладзечна ДЮСШ 4”. Ім знойдзецца месца ў аб’яднанай камандзе? 

— Андрэй Іваненка ўжо працуе з намі. У ФК “Чысць” ён выступіць заснавальнікам разам з Дзмітрыем Ганчаровым. (Дзмітры Ганчароў быў заснавальнікам ФК “Маладзечна-2013- заўвага РГ. ) Вядома, мы будзем запрашаць і гульцоў з Маладзечна. А што датычыцца Сяргея Дараховіча і іншых трэнераў ФК “Маладзечна”, я іх ролі ў камандзе не бачу. У нас працуюць кваліфікаваныя трэнеры, таму нехта яшчэ ў трэнерскім штабе наўрад ці будзе запатрабаваны.

Гуляць аб’яднаная каманда будзе на гарадскім стадыёне ў Маладзечне.

— Па меншай меры першыя гульні, а там, калі падрыхтуем стадыён у Чысці, абавязкова згуляем дома, каб парадаваць чысцінскіх балельшчыкаў.

Сезон для аб’яднанай каманды пачнецца ўжо 6 лютага.

— Каб спыніць усе размовы пра тое, што Чысць і Маладзечна ніяк не памірацца, я хачу сказаць, што ўсе мы робім агульную справу. І я хачу толькі аднаго, каб той калектыў, які склаўся ў нас у сезоне 2017 года, працягваў працаваць і надалей. Мы сваімі сіламі дамагліся выхаду ў Першую лігу і зробім усё, каб Маладзечанскі раён загучаў на ўсю краіну. Сколькі б бяссоных начэй мне гэта не каштавала!

• Текст доступен на языке: Русский