Ад 4 лістапада 2017 года да 28 студзеня 2018 года было адкрытае паляванне толькі на зайца, вавёрку, куніцу, тхара, норку,андатру. Аднак не ўсе паляўнічыя выконвалі правілы.

27 студзеня падчас сумеснага палявога мерапрыемства Вілейскага доследнага лясгаса і Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету ў паляўнічых угоддзях Вілейскага лясгаса па крывавых плямах на снезе ўстанавілі, што паляўнічыя незаконна здабылі дзвюх казуль.

Па слядах семярых паляўнічых затрымалі проста ў лесе на месцы раздзелкі забітых жывёл, распавёў намеснік начальніка Мядзельскай міжраённай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Хіла.

Цяпер парушальнікам трэба заплаціць за ўрон, нанесены прыродзе, 5880 рублёў, а таксама пакрыць кошт забітых казуль. Гэта яшчэ 245 рублёў.

У парушальнікаў канфіскавалі сем паляўнічых ружжаў, наклалі арышт на аўтамабіль.