Сёння ў Вілейцы зладзілі вялікі кірмаш вакансій. У зале было больш за сто чалавек: тыя, каму не хапіла месцаў, слухалі стоячы.

Намеснік начальніка Вілейскага ГРАНС Сяргей Крачкоўскі прапаноўваў працу кіроўцы. Патрабаванні – сярэдняя адукацыя, служба ў войску, адсутнасць праблем з законам. Абавязкова – узрост да 30 гадоў. Такіх сярод прысутных не знайшлося.

Супрацоўніца Вілейскага доследнага лясгаса Святлана Дубовік запрашала на працу леснікоў у Старынкі, Вязынь, Трапалава. У Старынкі таксама патрабуецца кіроўца з катэгорыямі В і Е. Пажадана, каб людзі мелі сярэднюю тэхнічную адукацыю. Ад красавіка пачне працаваць гадавальнік – на сезон спатрэбяцца жаночыя рукі. Будуць таксама набіраць людзей садзіць лес.

– Наша арганізацыя вялікая, – пераняла эстафету прапаноў прадстаўніца ЖКГ. – Але вакансія толькі адна. Гэта майстар ЖРЭУ для правядзення рамонту дахаў. Абавязкова, каб была адукацыя будаўніка. Заробак не высокі, але стабільны.

Прадпрыемства, дзе людзі заўсёды патрэбныя

“Людзі нам патрэбныя заўсёды,” – пачалі прамову госці са Смаргоні – падстаўнікі завода “Кранаспан”, дзе вырабляюць пліты з драўніны. Тут маюць патрэбу ў бухгалтарах, упакоўшчыках, кантралёрах якасці. Рабочым прапануюць гарачае харчаванне, медыцынскае абслугоўванне, вучобу без адрыву ад працы, стажыроўку ў Польшчы і Расіі. Віляйчан на працу і з працы дастаўляе аўтобус. Заробак рабочага – пагадзінны. Гадзіна – ад чатырох да сямі рублёў. Прадпрыемства ўвесь час пашыраецца, таму вакансій шмат.

Прапановы ад Кранаспана.

Прапановы ад Кранаспана.

У філіял аўтапарка патрэбныя кіроўцы катэгорыі D. Раённаму спажывецкаму таварыству – прадаўцы ў крамы ў Бубнах і Куранцы.

Маюць вакансіі сельспагаспадарчыя прадпрыемствы раёна ў Ільі, Даўгінаве, Бубнах. Галоўнаму заатэхніку ў Ільі абяцаюць плаціць каля 450 рублёў і наймаць жыллё.

На кірмашы вакансій.

На кірмашы вакансій.

Вялікая гаспадарка ў Даўгінаве. Сюды далучаныя Язні і Мільча. Калі знойдуць галоўнага інжынера і галоўнага доктара, дадуць жыллё.

Галоўнаму ветэрынарнаму доктару ў Бубнах прапануюць заробак 800-900 рублёў. Пажадана, каб была вышэйшая адукацыя. Але кандыдатуру з сярэдняй адукацыяй і з вялікім досведам працы таксама разгледзяць.

Тое, што прапануюць, не падышло

Віляйчанка Святлана беспрацоўная ўжо паўгода. Кажа, хацела б пайсці рабочай на “Буддэталі” або “Зеніт”. У іншы горад ездзіць не можа, бо даглядае хворую маму.

Месцаў хапіла не ўсім.

Месцаў хапіла не ўсім.

Надзея без працы год. Мае дваіх дзяцей – школьніка і студэнта. Жывуць за заробак мужа, які працуе на “Зеніце”. Жанчына чула, што ў іх мікрараёне будуць будаваць новыя дамы. Хацелася б мець сваю кватэру. Пакуль жывуць у інтэрнаце. Па спецыяльнасці жанчына – тэхнік-тэхнолаг мясамалочнай прамысловасці. Апошняе месца працы – кухонная рабочая ў каледжы.

– Мяне не столькі сама праца цікавіць, колькі зручны графік, – дзеліцца набалелым Валянціна. – Да нядаўняга часу працавала ў “Надзеі”. Усё падабалася, толькі вось малых дзяцей не было з кім падзець. Бацькоў, якія б маглі дапамагчы, няма. На кірмашы нічога для сябе не падабрала. Там больш для мужчын працу прапануюць. А ў гандаль я і сама не хачу.

Вакансій дастаткова, але…

Па словах начальніка аддзела занятасці Таццяны Цітуленкі, у студзені на ўліку па беспрацоўі стаяла 132 чалавекі. Вакансій было 190. Гэта добра, што вакансій больш, чым беспрацоўных, але не кожнаму беспрацоўнаму падыходзіць тая ці іншая вакансія. Напрыклад, у Вілейцы патрэбна некалькі дактароў, а ў многіх з беспрацоўных – базвая адукацыя.

Абмеркаванні пасля кірамашу.

Абмеркаванні пасля кірамашу.

У беспрацоўя па-ранейшаму мужчынскі твар.

На думку Таццяны Цітуленкі, не толькі шукальніку цяжка знайсці працу. Не лягчэй і працадаўцы знайсці добрага работніка.

Вялікія кірмашы вакансій у Вілейцы плануюць праводзіць раз на год, дні адчыненых дзвярэй – штомесячна.