Гэта апошняе інтэрв’ю, якое Іван Пятровіч Драўніцкі даў «Рэгіянальнай газеце» ўлетку 2016 года, се­дзячы ля парога свайго дома ў Куцьках.

Чытайце таксама:
Сёння памёр краязнаўца з Мядзельшчыны Янка Драўніцкі

– Беларускамоўныя школы на Свіршчыне, які іх лёс?

– У 1944 годзе тут былі выключна беларускамоўныя школы.

У Свіры школу адкрылі яшчэ ў 1940 годзе. Былі дзве школы: яўрэйская і беларуская.

Пасля вайны, акрамя беларускамоўнай школы ў Свіры, былі беларускамоўныя ў Камарове, Альшэве, Канстанцінаве, Засвіры… Ну, і пачатковых было сем школ.

Потым у адзін час так сталася, што ў райвыканкам і райкам партыі прыехалі…

– У Свірскі?

– У Свірскі. …прыехалі людзі з Расіі. Яны кажуць: мы не разумеем, нашто нам гэта беларуская мова? Перавучвацца будзем? Нада, каб у Свіры зрабілі хаця б адну рускамоўную школу.

Павел Радзівонавіч Печкуроў, дырэктар школы, ён тутэйшы, стаў упірацца. Яго з пасады знялі і перавялі ў сямігодку ў Вішнева. Прыслалі Шыкіравую Любоў Максімаўну. Яна жонка савецкага афіцэра, расійскамоўная. Ну, і было рашэнне райвыканкама зрабіць гэту школу рускамоўнай. Усе астатнія засталіся беларускамоўнымі.

Свірчукі, выйсця не было, пайшлі ў рускую школу.

Ужо пасля далучэння да Мядзельскага раёна пры свірскай школе адкрылі школу падоўжанага дня і інтэрнат пры школе. У Альшэве дзяцей стала памяншацца, правялі «работу», што няма чаго там дзяцей вучыць, трэба школу закрываць, і не ў Куцькі, хаця тут пяць кіламетраў, а ў Свір іх. Бо там трэба было запоўніць інтэрнат. Дамова была такая. У панядзелак дзяцей завязуць, ты­дзень адбудуць, і ў суботу вяртаюцца дахаты…

Вазіць мусіла саўгасная «лятучка». Брыгадзір забываўся, ці што, ці галоўны інжынер Пётр Максімавіч Тарэйка… Гэтыя дзеткі са Свіры пяшком дзевяць кіламетраў чапаюць. І малыя гэтыя: «Каб жа ў Куцькі нас пусцілі!».

– А вы ўжо ў Куцьках дырэктарам былі?

– Я быў дырэктарам школы.

Дык мне сказалі: «Хоць адну заяву з Альшэва прымеш – з партыі вон, з работы – вон! Ні аднаго з альшэўскай школы не прымаць! Рашэнне ёсць, усіх у рускакамоўную школу».

Гэта гвалтам было.

– У якім годзе прыкладна?

– Не скажу, але ўжо быў Мядзельскі раён. (Свірскі раён скасаваны ў 1959 годзе – рэд.) Ну, а ў мяне вучняў хапала. Па дваццаць пяць – трыццаць чалавек у класах. Яны б, альшэўцы, не заміналі, але і пагоду не строілі. Ну, і лезці на ражон, я партыйны, камуніст… Няхай…

Ды людзі не хацелі. Вот брыгадзір, Лазар. Ён едзе на нарад кожны дзень, у Камарова. І дзяцей падвёз бы. А дзе там яго хлопец? Што там? Некаторыя, прабачце, і заўшывіліся…

І што ён робіць? «Каб сюды». Адказваю: «Не маю права».

Дык ён піша заяву ў Лынтупы, а ўжо з лынтупскай школы – сюды.

– З альшэўскай школы нельга…

– А з лынтупскай можна. І так не адзін ён. Сталі перакочвацца з Лынтупаў, з Масцянаў. Бліжэй, пяць кіламетраў! Калі што якое: і транспарт ходзіць, і бацькі працуюць… У Свіры дзяцей альшэўскіх сталі крыўдзіць. Паўцякалі адтуль. Хто ў Ігналіну паехаў, там будавалася станцыя, у Лынтупы хто… З-за дзяцей. Адзін чалавек нават выехаў з-за дзяцей, вывучыў іх, і зноў вярнуўся ў Альшэва. Яна пасля працавала ў клубе. Бацькі ж сваіх дзяцей берагуць. І адпраўляць іх за дзевяць кіламетраў на тыдзень, гэта трывожна.

Так перайшло на рускую мову Альшэва. Затым – Канстанцінава. Бацькі толькі каб у Куцькі. Дырэктарам быў ужо не я, Галіна Кісялевіч. Ёй таксама забаранілі браць з Канстанцінава. Павезлі ў Свір.

Куцькі сталі закрываць. Многія хацелі ў Старлыгі, там беларуская школа. Колькі выклікалі тут бацькоў. Па адным. Мучылі, каб заявы пісалі: «Што там, чаму ў Старлыгах навучаць. Якая там база, якая вучоба? Толькі ў Свір!». І тут перапалавініліся. Частка дзяцей паехала ў Старлыгі, частка – у Свір. Пахадзілі некаторыя дзеці ў Свір, панапісвалі заявы і паехалі ў Старлыгі. Чаму? Можа, праблемы і з мовай былі. Ды і свірчукі гэтыя, местачковыя, яны нашых «дзяроўняй» абзывалі…

І цяпер у нашым сельсавеце беларускіх школ няма ні адной.

– Іван Пятровіч, чаму важна мець беларускамоўную школу?

– Калі няма мовы, то няма нацыі. Не будзем мы як беларусы. Хто мы тады будзем?

– А рускімі мы не станем?

– Не станем. Ды нас рускія і не далучаць. Яны зусім іншыя…, зусім іншы менталітэт. Мы нават да літоўцаў бліжэйшыя. Моўная блізкасць? Але калі прыслухаешся да літоўскай мовы, то там пачуеш беларускасць. Сінтаксіс у нашых мовах такі самы. Паслухайце казку: «Жывенэ бабута ір дзедукас…»

– Ці ёсць у беларускіх школах, як, напрыклад, у Ільі на Вілейшчыне, будучыня? Што робяць настаўнікі такіх школ? Гэта смеласць, адвага?..

– Я лічу, што гэта павага да свайго народа, да сваёй мовы, да сваёй зямлі. І за гэта ім дзякуй. Што не падладжваюцца пад кагосьці. Цяпер пад рускіх, былі б палякі, пад палякаў бы пачалі…

– Беларуская мова ў школе – гэта ж не значыць непавага да іншай мовы?

– Іншыя мовы трэба ведаць і любіць.

– Беларус можа любіць Пушкіна?

– Можа любіць і Пушкіна, і Талстых, і Дастаеўскага. І паважаць. І спяваць. І рускае, і поль­скае…

– Але дайце нам права любіць сваё?

– Сваё ж – першае…

• Текст доступен на языке: Русский