Сучасны рускі рок і музыка шчырых беларусаў, неўміручая класіка ды хіты маладосці нашых бацькоў. Што аб’ядноўвае гэтую розную па эпохах і накірунках музыку?
Адказ просты – Павілле. Не верыце? Тады запрашаем вас у музычнае падарожжа па рэгіёне.
Маладзечна
Маладзечна… Сярэдзіна 1970-х. Са сталіцы на завочнае аддзяленне мясцовага музвучылішча прыязджае даўгавалосы малады чалавек. Ён – ужо артыст ансамбля “Верасы”.
А праз пару год пра спевака Аляксандра Ціхановіча даведаецца ўся рэспубліка. Хаця што там рэспубліка? Краіны ўсяго былога СССР.
Запытайце ў сваіх бацькоў, магчыма, яны запальвалі на дыскатэках 1980-ых пад “Малінаўку”? А пазнаёміліся пад “Завіруху” або “Первое свидание”.
Валожын
Больш маладое пакаленне знаёміцца пад іншыя рытмы. “Ты дарила мне розы. Розы пахли полынью…”. “Начныя снайперы” загучалі на мяжы 1990-х і 2000-ых. Пачалі з піцерскіх бараў і паступова занялі пазіцыі на расійскіх радыёстанцыях. Хочаце спытаць, пры чым тут Павілле?
Салістка групы Дыяна Арбеніна нарадзілася ў сям’і журналістаў у Валожыне, дзе правяла першыя гады жыцця.
Таму калі вы ў чарговы раз пачуеце “Катастрофически тебя не хватает” або “31 весна”, можаце паказаць, які вы разумны рэплікай “О! Дык яна ж наша, валожынская!”
Вілейка
Рухаемся па рэгіёне далей. Вілейка. Памятаеце мажнага бялявага саліста ў “Песнярах”?
Гэта Валеры Скаражонак, што нарадзіўся ў Вілейцы ў 1961 годзе. Магчыма, без яго аксамітнага голасу “Ясь, што косіць канюшыну” і “Алеся” былі б не тыя.
Пакуль у вашым плээры гучыць песняроўскае “Няма таго, што раньш было…”, вяртаемся на Маладзечаншчыну, у фальварак Ракуцёўшчына.
Пару дзясяткаў кіламетраў – і мы на зямлі, што натхняла Максіма Багдановіча – аўтара слоў самотнай “Веранікі”.
Астравец
Цяпер гайда – на Гарадзеншчыну. І калі вы не прыхільнік эстрады, запрашаем у Гервяты на Астравеччыну.
Толькі тут, у знакамітым касцёле, вы пачуеце сапраўдную арганную музыку.
Смаргонь
Час прыпыніць нашае музычнае падарожжа. А прыпынім мы яго на Смаргоншчыне. І зробім гэта дастойна – візітоўкай не толькі Павілля, а мелодыяй, што натхняе творцаў усяго свету.
Гэта паланэз ля-мінор “Развітанне з радзімай”, напісаны Міхалам Клеафасам Агінскім, дыпламатам і кампазітарам, які ў пачатку 19 стагоддзя жыў і ствараў у смаргонскім Залессі.
Усе вышэй пазначаныя трэкі вы можаце паслухаць па спасылцы: music.mts.by.
УНП 800013732.