У 2018 годзе каманду “Маладзечна ДЮСШ-4” узначаліць Міхаіл Макоўскі. 
Каб падзяліцца гэтай навіной і расказаць заўзятарам і журналістам пра планы на надыходзячы сезон, Міхаіл Макоўскі і трэнер Валер Вятроў зладзілі адкрытую сустрэчу ў нядзелю, 18 лютага.

– Што нас чакае ў сезоне 2018 года?

– Нас чакае падняніе, цьфу, падняцце маладзечанскага футбола, – адказаў галоўны трэнер.

На сустрэчу прыйшлі заўзятары каманды, трэнеры і мяркуемы адміністратар і дырэктар каманды, цяпер дырэктар кавярні “Лягран” Ахад Сабхатаў. 

Падчас размовы неаднаразова складалася ўражанне, што трэнеры і адміністрацыя каманды ўпершыню сустрэлася, каб пагаварыць аб футболе.

Калі Ахад Сабхатаў агучваў тое, што ў 2018 годзе ён не дапусціць чужых гульцоў у камандзе, то трэнеры ўпарта адказвалі, што 3-4 прыезджых чалавека ўсё ж будзе. Калі трэнеры казалі, што ў горадзе няма варатароў, то заўзятары адказвалі, што ніводнага прадстаўніка каманды на аматарскіх турнірах, дзе гуляюць неблагія варатары, яны не бачылі.

Яшчэ адно пытанне ад заўзятараў, як будуць трэнеры стымуляваць гульцоў, таксама вызвала супярэчанне.

Валер Вятроў адказваў, што можна стымуляваць не толькі рублём, Міхаіл Макоўскі казаў, што будуць стымуляваць прэміяльнымі грашыма.

Падчас сустрэчы прагучалі імёны трэнераў Аляксандра Гармазы і Віталя Казяка, што яны будуць трэнерамі-кансультантамі.  Пры гэтым, Віталь Казяк сказаў, што пра працу гаворка не ідзе.

– Ні я, ні Аляксандр Пятровіч не плануем працаваць з гэтай камандай. Так, калі трэба будзе нейкая парада, дадзім. Калі трэба будзе параіць гульцоў, параім.

Міхаіл Макоўскі і Валер Вятроў сказалі, што з мінулага сезона запрашэнне ў каманду атрымалі наступныя гульцы: Павел Галубовіч, Юры Малько, Сяргей Галюк, Арцём Грыб, Максім Чабрыцкі. 

– Запросім Ігара Нарожніка, каторы не захацеў гуляць у мінулым сезоне, – дадаў Валер Вятроў.

Неаднаразова падчас сустрэчы гучала прозвішча Сяргея Дараховіча, трэнера сезона 2017 года.

Пры гэтым, калі дырэктар каманды казаў, што гатовыя з ім супрацоўнічаць, то трэнеры адказвалі: “А я якой мэтай мы павінны былі запрасіць?”

Таксама трэнеры сказалі, што асноўны ўпор будуць рабіць на моладзь.

– Гуляць будуць хлопцы 1999, 2000, 2001 года нараджэння, – сказаў Міхаіл Макоўскі. –  Нам трэба падтрымка фанатаў, каб не х…….і  (абражалі – заўвага аўтара), а падтрымлівалі, бо на стадыён будуць хадзіць сваякі.

– Дык можа тады заявіцца на чэмпіянат вобласці? – параіў заўзятар.

– Мая задача, – працягвае галоўны трэнер, – закласці фундамент. Так, гэта марудны працэс, магчыма спатрэбіцца год, два, тры…Во ( паказвае ў бок фанатаў), яны смяюцца.

– А мы і будзем смяяцца, – адказваюць хлопцы.

Пасля сустрэчы заўзятар Арцём Дзянісаў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы:

– Цырк! Прыйшлі, каб абмеркаваць актуальныя пытанні і задаць пытанні, якія нас цікавяць,  а замест гэтага павінны былі слухаць незразумела што. Адзін кажа адно, другі іншае. Мала таго, што галоўны трэнер спазніўся на сустрэчу,плюс да таго і стан трэнера выклікаў кучу пытанняў. Нядзеля, кажа, меў права расслабіцца.

Сёння, 19 лютага, у 18.00 на гарадскім стадыёне адбудзецца першая трэніроўка каманды. Магчыма сёння трэнеры будуць гатовыя адказаць на пытанні заўзятараў.