9 сакавіка карэспандэнт “Рэгіянальнай газеты” ўручыла Жанне Гардынец з Вілейкі падарунак і сертыфікат “Асоба года-2017”.
Нагадаем, што ў акцыі “Рэгіянальнай газеты” “Асоба года-2017” Жанну Гардынец падчас галасавання на сайце абралі нашы чытачы. Летась мы пісалі пра тое, што Жанна са сваімі аднадумцамі дабіваецца, каб анкадыспансер у Вілейцы перанеслі з будынка турмы.

– Лічу, што ўзнагарода “прыйшла” якраз у патрэбны час, – падзялілася з намі Жанна Гардынец. ­ – У канцы года мы проста хадзілі па інстанцыях і пісалі пісьмы.

А на сённяшні дзень мы маем ужо пэўны вынік: сітуацыю з анкадыспансерам узяла на кантроль абласное начальства. У красавіку абяцаюць перанесці анкадыспансер з будынка турмы, набыць неабходнае абсталяванне.

Жанна шчыра дзякуе жанчынам, якія падтрымалі яе.

Яна лічыць, што дзейнасць віляйчанак – прыклад таго, як звычайныя людзі, калі збяруцца разам, могуць дабіцца істотных перамен.