У рэдакцыі “РГ” адбыўся круглы стол на тэму “Правы суседзяў”. У ім удзельнічалі прадстаўнікі райаддзела міліцыі Сяргей Пузыроў і Кацярына Костачка, начальнік аддзела па зваротах грамадзян “Камунальніка” Таццяна Мажуль, загадчык аддзялення камунальнай гігіены Маладзечанскага ЦГЭ Міхаіл Міхалевіч. Вяла размову карэспандэнтка “РГ” Наталля Тур.

Тыповыя скаргі на суседзяў

Пузыроў: 3-4 звароты за дзяжурныя суткі тычацца якраз гучных суседзяў. Мы абавязаныя прыняць паведамленне, выехаць на месца і разабрацца. Калі там людзі гучна размаўляюць, слухаюць музыку, то мы дакументуем і адпраўляем “Камунальніку”. А бывае, заяўляюць пра шум, а там бытавы канфлікт.

Людзі часта скардзяцца, але ёсць такі момант. Калі з усіх суседзяў гэта перашкаджае толькі адной сям’і, то цяжка прыцягнуць чалавека да адказнасці. Ёсць адрасы, адкуль нам пастаянна прыходзяць скаргі і дзе сітуацыі паўтараюцца па крузе. Выязджаем, дакументуем – адпраўляем “Камунальніку”.

Таццяна Мажуль.

Мажуль: Калі парушэнне пражывання ёсць, апытваем сусе­дзяў, працуем з дакументамі міліцыі.

Міхалевіч: Ёсць абмежаванні па часе. У начны час павінна быць ціха.

Паводле пастановы Саўміна “Аб карыстанні жылымі памяшканнямі”, карыстацца тэлевізарам і іншымі гучнагаварыльнымі прыладамі можна, толькі зменшыўшы гук да ступені, якая не парушае спакой іншых жыхароў.

Ад 23 да 7 раніцы нель­га рабіць тое, што створыць вібрацыі ў шум (іграць на музінструментах, займацца рамонтам, рэзка зачыняць дзверы і іншае).

Пузыроў: У прыватным сектары часта ўзнікаюць пытанні па раздзеле ўчасткаў, як ставіць агароджы. І яшчэ адна праблема – сваркі са знявагай. Даказаць гэта вельмі цяжка, гэта як у садку – слова супраць слова. Аднак калі вас зневажаюць, ніхто не замінае зняць гэта на тэлефон.

Міхалевіч: На судзе гэта ўлічваецца, з’яўляецца доказам, што чалавек мае рацыю.

Ці можна дабіцца кампенсацыі

Тур: Пры падрыхтоў­цы да стала мы збіралі гісторыі жыхароў з праблемнымі суседзямі. Адна чытачка напісала, што суседка скардзіцца на яе, нібыта у кватэры займаюцца рамонтам аўтамабіляў. Што ім параіце, змірыцца?

Пузыроў: Не, трэба змагацца. Размаўляць з суседзямі. Фіксаваць тое, што адбываецца.

Міхалевіч: Была адна скаржніца, якая шмат скаргаў пісала на інспекцыю навакольнага асяроддзя. Неўзлюбіла яна суседа, і чаго толькі не выдумляла! І што казу яе атруціў, і шмат іншага. Сусед фіксаваў, прасіў адказваць і пры чарговай скарзе звярнуўся ў суд. Папрасіў кампенсаваць маральную шкоды на 10 мільёнаў на старыя грошы. І яму ўдалося сабраць дакументы так, што суд пастанавіў выплаціць шкоду за неабгрунтаваныя скаргі. Трэба займаць актыў­ную пазіцыю, а не маўчаць.

Калі б тая жанчына, у якой нібыта рамонт аўтамабіляў, зафіксавала, колькі разоў да яе хадзіў “Камунальнік”, “Энерганагляд”, міліцыя і Цэнтр гігіены, і скарга ні разу не пацвердзілася, то магла б несці пакет у суд на паклёп і патрабаваць кампенсацыю.

Пузыроў: Калі ж пацвярджаецца сямейна-бытавы канфлікт, ёсць хатні гвалт, мы гэта накіроўваем у суд.

Костачка: Нам да­дзеная ўстаноўка, што кожны выпадак сямейна-бытавога канфлікту павінны разглядацца як перадумова да забойства. Мы працуем толькі па такім прынцыпе. Затрымліваем да разгляду судом.

Калі раней маглі пазваніць і сказаць, што забіраць не трэба, проста паразмаўляйце, то цяпер з гэтым амаль і не тэлефануюць, таму што мы адразу забіраем.

Пузыроў: І колькасць гвалту зніжаецца, таму што ведаюць, чым закончыцца выклік.

Тур: А ці няма зваротнага эфекту, што жанчына баіцца, каб не паведамілі на працу, і іншых наступстваў?

Сяргей Пузыроў.

Пузыроў: На працу цяпер ніхто не паведамляе. Мы імкнёмся сітуацыю выправіць. Але адказаць, што такога няма, не магу. Бывае, што тэлефануюць сусе­дзі. Жанчына можа сама і не хацела званіць, але прыходзім, сямейна-бытавы канфлікт пацвяр­джаецца.

Тур: Як Цэнтр гігіены вырашае пытанні, якія перанакіравала міліцыя?

Міхалевіч: Калі міліцыя прыклала да матэрыялу рапарт, заяву, апытанні, факты пацвярджаюцца, то мы выклікаем парушальнікаў для адміністрацыйнага працэсу.

Калі парушэнне санітарных правілаў пагражае здароўю іншых, такіх людзей мы таксама прыцягваем да адказнасці.

У нас нібыта беларуская вендэта, калі непрыязныя адносіны і хочацца насаліць суседу. Цяпер мы прыцягваем у тых выпадках, калі ёсць пагроза здароўю і жыццядзейнасці чалавека.

Сёння ёсць праект спецыфічных санітарных патрабаванняў жыцця ў інтэрнатах. Цяпер будзе абмеркаванне праекта.

Сапраўды, існуе дапушчальны ўзровень шуму, які не выклікае непакою і змяненняў функцыянальнага стану і здароўя. Дзякуючы санітарным нормам і правілам, якія рэгулююць гэта пытанне, мы шмат дапамаглі жыхарам, замяраючы ўзровень шуму ад тэхнагеннага абсталявання.

Камусьці не пашанцавала мець спальню над бойлерам, халадзільнікам магазіна ці каля ліфта. Ёсць нормы для начнога шуму і дзённага.

Тур: Калі ўзровень перавышаны, што вы робіце?

Міхалевіч: Мы можам правяраць толькі з арганізацыямі, якія эксплуатуюць аб’ект, на які скардзяцца. І часта замеры праводзім з прадстаўнікамі “Камунальніка”. Паведамляем пра візіт суседзяў, праводзім замеры.

Калі перавышэнні ёсць, пратакол выпрабавання дасылаем у эксплуатуючую арганізацыю з просьбай правесці інжынерна-тэхнічныя мерапрыемствы. У адказ яны адрэгулююць ліфт, бойлеры, а часам дадаюць дадатковую гукаізаляцыю. Такога не было, каб праблему не вырашылі.

Ці трэба мірыцца з шумам

Тур: А калі сусед пасярод ночы вучыцца іграць на скрыпцы?

Міхалевіч: Рамонт, брэх сабак, музінструменты, разгрузачныя работы, рамонт не нармуюцца і не вымяраюцца. На скаргі на такія рэчы мы адказваем, што дапамагчы не можам.

Тур: І што тады рабіць, змірыцца?

Міхалевіч: Не. Ёсць яшчэ правілы карыстання жылым памяшканнем.

Тур: А скардзяцца на тое, што суседзі арганізавалі звалку ці прытулак для жывёл?

Міхалевіч: У чужую кватэру без санкцыі пракурора зайсці і спраў­дзіць нельга. Нават да тых, хто скардзіцца, мы таксама заходзім толькі з дазволу. Але можна дамагацца праз суд іх адсялення. А вы ўяўляеце, што такое выселіць?

Мажуль: Але на лю­дзей уплывалі пратаколы і суды. Яны прыво­дзілі ў парадак жыллё. Калі ёсць запазычанасць па камунальных, гэта іншая тэма. Дакументы на высяленне рыхтавалі.

Міхалевіч: Калі па­чынаюць рыхтаваць дакументы на высяленне, далучаюцца сваякі, дапамагаюць, разумеюць, што гэта ж губляецца  нерухомасць.

Мажуль: У “Камунальнік” часцей скар­дзяцца на шумных суседзяў. Як пасля звароту міліцыі, так і напрамую.

Гэта працаёмкі працэс. Трэба апытаць суседзяў. Хтосьці прызнаецца, іншыя не захочуць псаваць адносіны.

Бывае, самі заяўнікі адступаюць: “Раззлавалася і пазваніла, цяпер прэтэнзій не маю, мы ўжо памірыліся з суседам”.

Тур: Ці ёсць у “Камунальніка” свой кантынгент скаржнікаў?

Мажуль: Так. Ёсць такія адрасы. Хаця асноўны пік прыходзіцца на святы.

Костачка: У вялікія выхадныя людзям няма чым сябе заняць, напіваюцца і займаюцца лухтой. Для сябе то яны адпачываюць, а для іншых жа шумяць.

Мажуль: Сустракаюцца людзі, якім падаецца, што нешта адбываецца. Здараюцца непрыязныя адносіны між суседзямі, іх тады вельмі цяжка памірыць. Бывае, сусед скардзіцца, а чалавек у той час быў у бацькоў зусім у іншым раёне.

Тур: А карысныя скаргі бываюць?

Мажуль: Ёсць пільныя людзі. Паведамляюць, што бачаць, як падлеткі ходзяць на дах.

Костачка: Такога, каб пазванілі са скаргай на шум, а мы прыехалі і зладзеяў затрымалі, не было.

Тур: Ці атрымоўвалася памірыць суседзяў?

Мажуль: Калі самі між сабой мірыліся. Але калі адміністрацыйны працэс пачаўся, мы не маем права яго спыніць.

Костачка: Гэта іх справа мірыцца і наладжваць адносіны ці не, а не наша. У нас ёсць заява – мы працуем.

Мажуль: Часам тлумачым, што вам з сусе­дзямі яшчэ жыць. А на эмоцыях можна нагаварыць лішняе.

Тур: Давайце разгледзім праблемныя сітуацыі нашых чытачоў. “Нашы суседзі з месцаў пазбаўлення свабоды. Пажылі б хоць месяц з імі тыя, хто селіць такіх праз сцяну з нармальнымі людзьмі”.

Мажуль: Калі яны не парушаюць правілы пражывання, гэта адно. Калі парушаюць – звяртацца ў адпаведную інстанцыю.

Костачка: Гэта яго жыллё. Мы не выбіраем сабе суседзяў. Калі замінае нечым канкрэтным, паведамляйце. А хто іх засяляў? Маюць кватэру і жывуць.

Калі суседзі зусім не падабаюцца

Тур: Ідэальных сусе­дзяў, напэўна, быць не можа. У каго доўгія рамонты, у каго дзеці музыканты. Магчыма, трэба вучыцца знаходзіць кампрамісы з імі, мірыцца? У нас былі суседзі-в’етнамцы, якія пастаянна гатавалі нацыянальную страву – вараны селя­дзец. Як бы і права маюць, але нам дыскамфорт.

Давайце разгледзім другое пытанне. “У нас суседзі алкашы. Зрабілі прытон. Гадзяць у пад’ездзе, ладзяць дэбошы”.

Міхалевіч: У першую чаргу трэба звярнуцца ў ЖЭС. Таму што калі пазваць нас і мы ўбачым, што ў месцах агульнага карыстання нагаджана, будзе пакараны майстар гэтага ўчастка. А той, хто гадзіў, можа, яшчэ і будзе рады, што пацярпеў невінаваты.

Костачка: А калі апраўлялася натуральная патрэба на людзях, то гэта да нас.

Міхалевіч: Асацыяльныя асобы звычайна нічога не баяцца. Ні штрафаў, нічога.

Кацярына Костачка.

Костачка: Ёсць людзі, якія ўсё жыццё п’юць дома. Ніхто ім гэтага не забароніць.

Тур: А калі ў пад’ез­дзе?

Мажуль: Гэта ўжо месца агульнага карыстання.

Тур: Значыць, калі смецяць у пад’ездзе, распісваюць сцены, мочацца – звяртацца ў ЖРЭУ?

Міхалевіч: Яны хаця б паспрабуюць дапамагчы. Часам вылічваюць шкодніка і караюць.

Кватэры на суткі

Тур: Трэцяя сітуацыя: “Пада мной кватэра на суткі. У ноч з 8 на 9 сакавіка было не заснуць. Чаму закон дазваляе ў шматкватэрных дамах разводзіць бардэлі?”

Костачка: Калі ўсё аформлена, здаюць кватэру законна. Можна ўдакладніць, ці аформлена.

Мажуль: Спачатку паведаміце міліцыі.

Костачка: Але праблема можа быць у тым, што пакуль вы будзеце паведамляць, ён раніцай з’едзе, і з каго спытаць? Там за пяць гадзін можа пабыць пяць чалавек.

Міхалевіч: Ліцэнзію ім выдаў аддзел гандлю. Тры-чатыры скаргі – і ліцэнзію могуць скасаваць.

Мажуль: У нас нядаўна была падобная сітуацыя. Праверылі дакументы – усё зарэгістравана. А скаржнік пайшоў з адказам у пракуратуру. Дапрацавалі. Але спынілі працэс, таму што заспець у момант парушэння не было магчымым.

А сам гаспадар кватэры нічога не парушаў. Хаця пытанне неадназначнае. І на якой падставе забраць ліцэнзію?

Міхалевіч: Калі пісаць, што гаспадар не праводзіць падрыхтоўчую работу, таму просім забраць ліцэнзію.

Костачка: А чаму ён павінны адказваць за іншых людзей? Ён склаў дагавор, што не нясе адказнасці за іх дзеянні. Гаспадар за іх не адказвае.

Міхалевіч: Сапраўды, у гэтай сітуацыі ёсць што дапрацаваць.

Як быць добрым суседам

Тур: Як самому стаць добрым суседам?

Мажуль: Напэўна, у кожнага свае крытэрыі.

Міхалевіч: Трэба паводзіць сябе так, як хочаш, каб сусед паводзіў сябе. Паважаць права на адпачынак і спакой.

Костачка: Калі вы двойчы падыдзеце і папросіце, каб перасталі шумець, на трэці вы ўжо не будзеце па-харошаму прасіць. Ці самі ляпнеце, ці міліцыю будзеце выклікаць. Але заўсёды спрабуйце дамовіцца па-суседску.

Фота Аксаны Ярашонак.