Жанчына некалькі разоў ездзіла па падробленай страхоўцы, пакуль урэшце не трапілася на мяжы.
Ад сакавіка да кастрычніка мінулага года жанчына працавала страхавым агентам у філіяле “Белкаапстрах” у Брэсце. Яна магла ад імя арганізацыі афармляць дагаворы страхавання, у тым ліку транспарт па сістэме “Зялёная карта”. Яе службовым абавязкам было весці ўлік і дакументацыю страховак, беражліва ставіцца да полісаў і бланкаў строгай справаздачнасці.

Ноччу 28 жніўня 2017 года жанчына, каб зэканоміць, падрабіла страхоўку. Падробленыя дакументы збіралася выкарыстоўваць для неаднаразовых паездак у Літву на аўто “Міцубісі”. У копію страхоўкі яна ўнесла дадзеныя іншага чалавека, сябе паставіла страхавым агентам. Пазначыла, што сума ўнёску – 59 долараў, а тэрмін дзеяння – ад 28 да 31 жніўня. Звесткі аб дагаворы страхавання ўнесла ў сваю справаздачу і перадала з копіяй фіктыўнага поліса на працу.

У арыгінал поліса “Зялёная карта”, арыгінал і копію міжнароднага маторнага страхавання пазначыла тэрмін дзеяння ад 28 жніўня 2017 да 27 мая 2018 года, сваю машыну і свае пашпартныя дадзеныя. Сумай унёску пазначыла 356 долараў.

Абвінавачаная такім чынам выйгравала 225 еўра – розніца паміж страхавым полісам на адзін месяц і дзевяць.

Па падробнай страхоўцы яна ездзіла ў Літву 30 жніўня, 14, 21 і 27 верасня праз пункт пропуску “Лоша” Астравецкага раёна.  Пры пашпартным кантролі давала падробленыя дакументы.

5 кастрычніка яна чарговы раз ехала ў Літву і пры праверцы дала падробленую страхоўку. Яе затрымаў пагранічны нарад, забраў дакументы.

Абвінавачаная сваю віну прызнала цалкам.

Суд кваліфікаваў злачынства агента як “Унясенне іншай ўпаўнаважанай асобай заведама непраўдзівых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы з карыслівай зацікаўленасцю”.

Абвінавачаная – 42-гадовая ўраджэнка Брэста. Мае няпоўную сярэднюю адукацыю. Разведзеная, мае маленькага сына. Не працуе, жыве ў Брэсцкім раёне. Раней не судзімая.

Памякчальнымі абставінамі сталі чыстасардэчнае раскаянне, малое дзіця і добраахвотная кампенсацыя шкоды.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай. Прызначыў пакаранне – пазбаўленне свабоды на год. Аднак вырашыў не выконваць пакаранне, калі цягам года жанчына не ўчыніць новае злачынства і будзе выконваць абавязкі. Сярод іх – паведамляць міліцыі аб змяненні адраса, выездзе больш чым на месяц, прыходзіць у міліцыю па выкліку і тлумачыць паводзіны і лад жыцця па патрабаванні.

Цягам шасці месяцаў абвінавачаная павінна сплаціць у даход дзяржавы шкоду памерам 40 базавых велічынь (980 рублёў).