За мінулыя суткі вілейскія выратавальнікі тры разы за дзве гадзіны выязджалі, каб патушыць запаленую сухую траву.
13 красавіка пажары здарыліся ў вёсках Савіна, Бязводнае і Кузьмічы.

Пра пажар у Савіне Куранецкага сельсавета паведамілі ў 14.17. На ўчастку, які нікому не належыць, нехта запаліў смецце. Ад смецця пачала гарэць трава.

Літаральна праз 20 хвілін паведамілі пра запальванне травы ў Бязводным Ільянскага сельсавета каля могілак. Людзі прыбіралі магілы да Радаўніцы.

Убачылі сухую траву, вырашылі запаліць. Вецер імгненна разнёс полымя. Людзі зразумелі, што самастойна не патушаць, а агонь мог перакінуцца на могілкі і на лес. Таму выклікалі выратавальнікаў.

Апошняе паведамленне было ў 16.00. Невядомы запаліў траву ў Кузьмічах Любанскага сельсавета.

– Вёска там нешматлюдная,  – распавёў Яўген Камароў.  – Жыхары прыбіраюць і свае, і суседскія ўчасткі.

Па словах вяскоўцаў, яны прыбіралі і палілі смецце пару дзён таму. Але трава загарэлася ўчора. Проста з дому ўбачылі полымя на полі, дзе быў прывязаны конь. Жывёлу навязалі на другім месцы, паспрабавалі патушыць самі, а потым патэлефанавалі ў РАНС.

За падпалы расліннасці ў Адміністрацыйным кодэксе Рэспублікі Беларусь прадугледжаны штраф.

З пачатку сезону выратавальнікі на Вілейшчыне ўжо 14 разоў выязджалі тушыць сухую траву. Адзін раз ад травы загарэўся будынак.

У РАНС распавялі, што сёння дазваляецца паліць кастры і спальваць смецце. Але гэта трэба рабіць, выконваючы правілы пажарнай баспекі:

– увесь час кантраляваць запаленае вогнішча;

– паліць яго далёка ад будынкаў;

– зрабіць так, каб полымя не распаўсюджвалася на вялікую тэрыторыю. Напрыклад, абкапаць касцёр.