Здарэнне адбылося 13 красавіка пасля васьмі гадзін вечара на 11 кіламетры трасы Ракаў-Івянец-Дзяржынова. Кіроўца не спыніўся па патрабаванні ДАІ і паспрабаваў уцячы. Інспектары паехалі за ім. Неаднаразовыя патрабаванні спыніцца кіроўца ігнараваў, разагнаўся да 150 кіламетраў у гадзіну.

На месцы здарэння. Фота uvd-mo.gov.by.

Праехаўшы каля трох кіламетраў, на закругленні дарогі кіроўца зачапіў узбочыну. У гэты момант у аўтамабіля адарвалася задняе кола і машыну занесла.  Яна з’ехала ў кювет, перакулілася і паламала невялікую бярозу.

Акрамя 64-гадовага кіроўцы, у машыне былі два пасажыры. Ніхто не пацярпеў.

Падчас медыцынскага даследавання высветлілася, што самы цвярозы з усёй кампаніі быў кіроўца. У яго крыві выявілі 1,23 праміле алкаголю.

– Кіроўца расказаў, што жыве ў Мінску, прыехаў з жонкай на выхадныя ў госці. Пасядзелі з сябрамі, выпілі. Пасля вырашыў падвесці дваіх у суседнюю вёску, – распавялі ў ДАІ.

На парушальніка склалі адміністрацыйныя пратаколы.