У Вільні псіхічна нездаровы чалавек напаў на вяселле.

Гэта здарылася каля паўночы ў Галгях, на ўскраіне горада, паведамляе партал «Дэльфі». У рэстаране Galgių malūnas святкавалі вяселле. 44-гадовы мужчына выбіў брамку, уварваўся ў залу: ударыў аднаго з гасцей, выбіў зубы 68-гадовай жанчыне, ляснуў кулаком па твары яе мужу.

Да прыезду паліцыі ён уцёк і стаў буяніць у двары суседняга дома. Ён прынёс са сваёй хаты бур і стаў ім біць аўтамабілі. Пасля гэтага мужчына кінуў металічны прэнт у акно першага паверха: аскепкі ўпалі на ложак, у якім спалі двое дзяцей.

Паліцыі давялося ўжыць і газавы балончык, і электрашокер Taser, але і гэта не супакоіла мужчыну. Толькі калі паліцыянт стаў страляць у паветра, мужчына кінуў бур. Пасля доўгай валтузні дэбашыра ўдалося скруціць і адвезці ў шпіталь.