Пасля з’яўлення на адным з тэлеканалаў публікацыі пра тое, што на градаўтваральным заводзе тры месяцы не плацяць заробкі, кіраўніцтва запрасіла прадстаўнікоў мясцовай прэсы на размову, каб патлумачыць сваё бачанне становішча прадпрыемства і перспектыў.
З журналістамі размаўлялі памочнік генеральнага дырэктара Віталь Дзмітрыеў і намеснік дырэктара па ідэалогіі і агульных пытаннях Алена Арцюх.

– Ад 2003 года што я бачу ў горадзе – праспект вымер, – пачаў размову адміністратар. – У што ператвараецца горад? У Маладзечна-сіці. А каб мець магчымасць нешта купляць, трэба зарабляць.

Асаблівасці працы завода

– Толькі з’ехалі кліенты з Расіі – неабходна фарміраваць партфель заказаў і адпрацоўваць рынак, – расказвае Віталь Дзмітрыеў. – Цяпер мінскія фірмы адна на перамовах, іншая чакае. Ідзе грандыёзная рэканструкцыя “Гроднаазота”. Шмат зваротаў, але заказы трэба ацэньваць, каб яны не былі стратнымі. І каб цяперашняя сітуацыя на заводзе не пагаршалася.

Памочнік генеральнага дырэктара Віталь Дзмітрыеў і намеснік дырэктара па ідэалогіі і агульных пытаннях Алена Арцюх.

Па рэнтабельнасці гадавой работы летась завод з -29% выйшаў -8%. Палепшылі 21 пункт.

– Даўгі істотныя, але сфарміраваныя за чатыры гады пазыкі за адзін раз выплаціць немагчыма, – кажа памочнік дырэктара. – Іх трэба адпрацаваць. Цяпер можна скарыстаць магчымасць спісаць. Але калі можна адпрацаваць і разлічыцца, то навошта “кідаць людзей” і не даваць тыя грошы, якія мяркуюцца. Цяпер доўгу крыху больш за 20 мільёнаў рублёў.

Дзмітрыеў тлумачыць складанасць працы на сённяшнім рынку:

– Адны плацяць устаноўленую рынкам цану, іншыя хочуць зэканоміць. Узнікае шэраг тэндарных пытанняў. Заказчык спрабуе без пе­рад­аплат размясціць заказ з адтэрміноўкай ці аплатай 30-60-90. Калі ўпершыню пачуў пра 30-60-90, лічбы нагадалі банкаўскі дэпазіт. Завод бярэ тэндар, але пе­радаплаты няма. Разлік праз 60 ці 90 сутак, а трэба зрабіць заказ сёння. Электраэнергія, метал закупіць трэба, самае балючае пытанне – забяспечыць зарплатай работнікаў. Арыфметыка не складваецца. Заказ выканалі. Метал узялі ў пазыку, энергія пачакае, а як людзям зарплату выплаціць? Рынак дыктуе свае ўмовы. Аднак завод не можа выйсці за межы калькуляцыі цаны прадукту.

Кіраўніцтва тлумачыць, што нявыплата зар­платы цягам трох месяцаў – няпраўда. З-за таго, што разлікі адбываюцца вышэй апісаным чынам, зарплату выдаюць штомесяц, але часам не ў поўным аб’ёме. Па калектыўнай дамове прадугледжана, што заробак павінны быць аплачаны на 30 чысло бягучага месяца ў поўным аб’еме. На рахунак паступаюць грошы, але іх недастаткова для поўнага пагашэння зарплаты за раз.

– Не было выпадку, каб у нейкім месяцы ўвогуле не выдаваліся грошы, – кажа Дзмітрыеў. – Сёння, на 24 красавіка, выплаты за сакавік былі нават раней за 30-е. 56% сакавіцкага заробку ўжо выплацілі. Да 28-га застаецца 44%. Чакаем грошы ад заказчыкаў за выкананую работу. Можа атрымацца, што грошы не паступяць на 28-га, а прыйдуць 2 ці 3 мая. Атрымліваецца, 56% ужо зроблена, а 44% можам выплаціць з пераходам. Такім чынам, заробак выплачваецца рэгулярна, але не ў поў­ным аб’ёме – па частках.

Пры выплаце заробкаў у першую чаргу забяспечваюць дзіцячыя дапамогі. Яны ідуць са сродкаў завода тым работніцам, якія ў дэкрэтным адпачынку і працуюць на заводзе.

– Мы пачалі працаваць па давальнай схеме, – удакладняе кіраўніцтва. – Заказчык прывозіць свой метал. Але для абароту трэба грошы – на заробак і камплектуючыя. Я папрасіў давесці прапанову міністру, каб на значных будоўлях было адведзенае месца – 10, 15, 20% ад аб’ёму загрузкі. Я разумею, антыманапольнае заканадаўства. Аднак прыватныя арганізацыі цэны могуць дэмпінгаваць, прадаць за 2,5 рубля тое, што на рынку каштуе 3. Прыватнік два заказы забраў у дзярж­прадпрыемства – і яно ляжа. А мы не можам даваць цану ніжэй за 3 рублі, таму што гэта цягне наўмысныя страты. А страты ўтвораць даўгі і цэлы ланцужок наступстваў, вымываецца абаротка.

Стадыён “Дынама” завод закончыў у верасні 2017 года. На сёння канчатковы разлік яшчэ не атрымалі. Калі частку сумы пералічылі – пусцілі на закрыццё 10% недаплаты за сту­дзень, закрылі люты, часткова сакавік. І так з кожнага заказу.

– Калі б завод быў загружаны на 1500 тон на месяц, пытанні б не ўзнікалі, – тлумачыць адміністратар. – Цяпер маем 700-800 тон, гэта 50% ад штатнай загрузкі. Таму вытворчасць працуе ў адну змену. Пры штатнай загрузцы завод можа працаваць у дзве змены, а пры неабходнасці выканання графіку – да трох змен.

У снежні Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва выдала загад аб рэарганізацыі завода.

– Гэта нас тармазнула, – кажа Дзмітрыеў. – Што такое загад аб рэарганізацыі пры наяўнасці запазычанасці? Каля 200 званкоў і наведванняў ад партнёраў і заказчыкаў з пытаннем: “Што ў вас адбываецца?”. Парт­фель заказаў рэзка скараціўся з фармуліроўкай “мы пачакаем, што ў вас будзе далей”. Калі падобны загад прыходзіць, мы абавязаныя паведаміць крэдыторам. Гэта стварае калапс. Пасля пераканалі міністэрства адмяніць загад. Аднак сітуацыя выбіла чатыры месяцы работы. Рэарганізацыю хацелі такую: завод падзяліць на дзве часткі. Другую вытворчасць пакінуць ЗМК, а першую зрабіць новай юрыдычнай асобай.

Сярэдні заробак па заводзе – 600 рублёў. Ёсць запазычанасць перад ФЗСН, электрасеткамі, падатковай. У лютым 419 тысяч рублёў пералічылі падатковай. Ямы паміж дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасцю няма. Выплачваюць валавы доўг па крэдыторскай запазычанасці.

– Вытворчасць нала­джаная так, каб забяспечыць працай, выплаціць заробак і па магчымасці разлічыцца з даўгамі. Напрыклад, для “Водаканала” зрабілі канструкцыі ў лік пагашэння доўгу.

На заводзе працуе сталовая, дзе сярэдні чэк абеду 2,50 рубля. Работнікі абедаюць па прапусках, а пасля суму абедаў за месяц спісваюць з заробку.

У цэху.

Праблем з кадрамі няма, шукаюць гендырэктара

Усе штатныя працаўнікі выходзяць штодня. У месяцы пры патрэбе могуць зрабіць дзень ці два выхадных. Заробак налічваецца па сумарным уліку рабочага часу. Дзень не выйшаў, пасля паўтары змены адпрацаваў – усё ідзе па нормах.

Адток спецыялістаў невялікі. Калі гэта работнікі дапаможных падраздзяленняў, праблем ніякіх няма. Калі ж звальняюцца з цэха зваразборкі, страты адчувальныя. У гэтым цэху менавіта тыя людзі, якія займаюцца зборкай канструкцый. Кожны заказ індывідуальны, і трэба быць прафесіяналам, каб умець правільна яго збіраць па чарцяжах.

Завод разглядае магчымасць аптымізацыі. З часам даводзіцца мяняць парк абсталявання.

– Ёсць участкі, на якіх працуюць пяць чалавек, – расказвае памочнік дырэктара. – Іх усіх можна замяніць камбінаваным станком. Запускаеш металічны ліст – выходзіць гатовая дэталь, якую можна адправіць на зборку. Пры такой аптымізацыі затратнасць скарачаецца – заробак не плаціш, энергарэсурсы адны і тыя ж. А вось станкоў, якія збіраюць металаканструкцыі, у прыродзе не існуе.

Сёння на пасаду гендырэктара Міністэрства па архітэктуры і будаўніцтве пакуль нікога не прызначыла. Абавязкі выконвае першы намеснік Дзмітры Купрыянаў.

Шукаюць інвестара

Цяпер завод вядзе перамовы з двума патэнцыйнымі інвестарамі. Умовы для інвестараў такія – пакінуць галоўную вытворчасць профільнай і разгледзець магчымасці другой. Звароты былі з Германіі і Польшчы.

– Пры загрузцы ў 1500 тон на месяц ЗМК можа за паўгода пагасіць усе даўгі і цягам наступнага года правесці мадэрнізацыю на выпуск любой запатрабаванай прадукцыі, – расказвае Дзмітрыеў. – Пры такой працы завод можа даваць значную долю падаткаў у бюджэт раёна.

Завод цяпер вырабляе канструкцыі для “Гродназота”, Петрыкаўскага ГАК, перыядычна для АЭС.

Звычайны працоўны дзень у цэху завода металічных канструкцый (Фота)