28 красавіка

1918. 100 гадоў таму Народны Сакратыят Беларусі зацвердзіў беларускую мову ў якасці дзяржаўнай і абавязковай у Беларускай Народнай Рэспубліцы і прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта.

1900. Памёр Францішак Багушэвіч (нарадзіўся 21.3. 1840), класік беларускай літаратуры, удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Працаваў настаўнікам у Доцішках Воранаўскага раёна.

Ад 1898 г. жыў у в.Кушляны Смаргонскага раёна. Пахаваны ў Жупранах Ашмянскага раёна.

1 мая

Свята працы.

75 гадоў з дня нараджэння Алеся Крыгі (сапр. Асіпенка Аляксандр Аляксандравіч) (1943 – 2009), беларускага пісьменніка. Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і пісьменніка. Пасля заканчэння дзесяцігодкі (1960) працаваў на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній фрэзероўшчыкам. Вучыўся на вячэрнім, потым на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1962-1966 гг. служыў на Ваенна-Марскім флоце. Ад 1967 г. – літсупрацоўнік рэдакцый рэспубліканскіх газет “Чырвоная змена”, “Физкультурник Белоруссии”, “Піянер Беларусі”.

У 1971-1972 гг. плаваў матросам траўлера на Поўначы. Першую аповесць “Я вернусь к тебе, море!” апублікаваў у 1965 г. Аўтар аповесцей “Паўночны фарватэр” (1971), “Порт прызначэння” (1974), “Чайкі над полем” (часопіс “Маладосць”, 1978), “Марзянка для нелюбімых” (аповесць і апавяданні, 1988), кнігі для дзяцей “Медзведзяня шукае сяброў” (1987), мастацка-публіцыстычнай кнігі “Выбух над Прыпяццю” (часопіс “Полымя”, 1990).

1978. 40 гадоў назад адкрыты Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (на базе Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута).

95 гадоў з дня нараджэння Якава Яравога (1923 – 1998), беларускага харавога дырыжора, заслужанага артыста Беларусі. Ігар Лучанок казаў, што ён напісаў больш ваенных песень, чым усе беларускія кампазітары.

3 мая

Сусветны дзень свабоды друку (адзначаецца па рашэнні ЮНЕСКА ад 1991 года).

Дзень Сонца (адзначаецца па рашэнні ЮНЕСКА ад 1994).