На гэтым тыдні маладыя людзі, што плануюць зладзіць праект “Будуем утульную радзіму”, наведалі Вілейку.

Па словах менеджара Андрэя Лохача, актывісты сустрэліся з мясцовым каардынатарам праекта Арцёмам Супрановічам.

Таксама пазнаёміліся з  галоўным архітэктарам Вілейшчыны Дзмітрыем Гарланавым, які паказаў горад, распавёў, як змянялася Вілейка за апошнія гады, паказаў месцы, дзе ён хацеў бы бачыць муралы,  раён горада, у якім варта дабраўпарадкаваць двары.

Пасля актывісты сустрэліся з намеснікам кіраўніка райвыканкама Святланай Дзяруга. Па словах Андрэя Лохача, праект ёй спадабаўся і яна была б не супраць рэалізацыі яго ў горадзе.

Засталося толькі падаць праект на ўзгадненне з кіраўніком горада.

– Вілейка нам вельмі спадабалася, – падзяліўся Андрэй. – Першы раз мы там былі зімой і не вельмі па гораду хадзілі. Цяпер жа Дзмітры Гарланаў паказаў нам Вілейку, параіў, дзе лепш працаваць. Пашкадавалі, што не ўзялі добры фотаапарат, каб здымаць прыгожыя вілейскія краявіды. Фатаграфавалі на тэлефон.

Сталічныя актывісты наведалі Вілейскі дзяржаўны каледж.

– Уразіла добраўпарадкаваная тэрыторыя каледжа, – кажа Андрэй. – І тое, што ўсю гэтую прыгажосць – лаўкі, цікавыя экспазіцыі – робяць самі навучэнцы пад кіраўніцтвам дырэктара каледжа Ігара Кіцікава.