На працягу амаль двух дзясяткаў гадоў, ад канца 1980-х  да 2009-га, ураджэнец Вілейшчыны, паэт, перакладчык, выкладчык нямецкай мовы Уладзімір Папковіч наведваў Германію.
Ездзіў туды адзін, пасля – з жонкай, Ларысай, а далей – з калегамі і студэнтамі, каб тыя змаглі ўдасканаліць веданне нямецкай мовы. У адну з апошніх паездак Папковіч запрасіў з сабой земляка – ураджэнца Вілейкі журналіста Сяргея Макарэвіча.

– І амаль кожны раз мая даўняя знаёмая, фраў Урсула Хайнэке, знаходзіла для мяне магчымасць выступіць перад народам і расказаць яму пра Беларусь, – прыгадвае Уладзімір Папковіч.

Па словах паэта, немцы амаль нічога не ведалі пра Беларусь. Заўсёды трэба было вешаць карту і паказваць, дзе Берлін, дзе Франкфурт-на-Одэры, дзе Варшава, дзе Брэст, дзе Мінск і дзе Віцебск. Часта пасля выступлення да Уладзіміра Папковіча падыходзілі старыя дзяды і расказвалі пра свой удзел у Другой сусветнай вайне, прыгадвалі Усходні фронт.

Дык чым адрозніваецца беларуская мова ад рускай?

Віцебск, дзе жыў і працаваў выкладчыкам Папковіч, быў добра вядомы таму пакаленню. Аповеды пра гісторыю, культуру, літаратуру, мову трэба было заўсёды пачынаць з самага пачатку.

–  Кожны раз гучала самае банальнае пытанне: “Чым адрозніваецца беларуская мова ад рускай?” – дзеліцца ўспамінамі Уладзімір Антонавіч.

Кожны раз ён паўтараў прозвішчы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава. А вось імя пісьменніцы Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч хутка само разышлося ў Еўропе.

Некаторыя ведалі і пра Рыгора Барадуліна. Але Уладзімір Папковіч перакананы: спазнаць усю значнасць і прыгажосць майстэрства паэта можна толькі чытаючы яго творы ў арыгінале.

– Займаючыся сам перакладамі, я  даўно зразумеў, як шмат трацяць перакладзеныя вершы, нават па-майстэрску ўвасобленыя, – кажа мой субяседнік.

Што зацікавіла ў постацях Маякоўскага і Ясеніна

Часам  немцы прасілі расказаць пра каго-небудзь са знакамітых рускіх савецкіх паэтаў.  Тады Уладзімір Папковіч спыняўся на жыцці і творчасці Сяргея Ясеніна і Уладзіміра Маякоўскага –  двух паэтаў розных накірункаў, якія так паспяхова пачыналі і так загадкава і трагічна загінулі. Тым больш, у Папковіча былі пераклады вершаў гэтых паэтаў на нямецкую мову.

У адной з вандровак кампанію Уладзіміру Папковічу (злева) склаў зямляк, журналіст Сяргей Макарэвіч.

– Не скажу, што пераклады гэтыя вельмі ўдалыя, – адзначае Уладзімір Папковіч. – Бо чым больш адметная мова арыгінала, тым цяжэй яе перакладаць.

Падчас выступлення дакладчык з Беларусі не мог абысці шматлікія закаханасці Сяргея Ясеніна, жанчын, з якімі ён на нейкі час звязваў сваё жыццё, яго раман з Айседорай Дункан, з якой ён, між іншым, быў разам у Берліне.

У біяграфіі Уладзіміра Маякоўскага нямецкіх слухачоў заінтрыгавала сувязь паэта з сям’ёй Брык, тым больш, што ўспаміны каханай Маякоўскага, Лілі Брык, выдаваліся на нямецкай мове.

Фантастычныя ўражанні ад фантастычнай бібліятэкі

Падчас аднаго з апошніх падарожжаў госця з Беларусі захапіла фантастычная бібліятэка ў нямецкім горадзе Вецлары. Яна параўнальна не старая – адчыненая ў 1989 годзе. Гэта самая вялікая публічная фантастычная бібліятэка ў свеце.

Чаму фантастычная? Тут збіраюць  усё, што з’явілася ў літаратурным жанры фантастыкі на нямецкай мове: навуковую і класічную фантастыку, фэнтэзі, літаратуру жахаў, утапічную літаратуру, вандроўкі і прыгоды, казкі, паданні, міфы.

Бібліятэка прапаноўвае гэтыя назвы – у тым ліку адпаведную крытычную літаратуру – як для непасрэднага карыстання ў бібліятэцы, так і на дом. Ад 2006 года ўвесь фонд бібліятэкі належыць прыватнаму таварыству агульнага карыстання.

Фантастычная бібліятэка ў Вецлары – культурны, навуковы і асветніцкі цэнтр. Яна працуе як даследчая бібліятэка, якой карыстаюцца вучоныя і культурныя дзеячы ўсёй Еўропы. Бібліятэка супрацоўнічае са шматлікімі ўніверсітэтамі і літаратурнымі таварыствамі.

Тут арганізуюць навуковыя пасяджэнні, гурткі, семінары і серыі дакладаў на літаратурныя і міжпрадметна звязаныя прыродазнаўчыя, палітычныя і гістарычныя тэмы. Бібліятэка, акрамя таго, займаецца кансультацыямі для аўтараў і выдавецкім менеджментам.

 –  Скажу вам шчыра: тое, што робіць гэтая бібліятэка – ашаламляльна, – распавядае Уладзімір Папковіч. – На тэмы мерапрыемстваў, што тут праводзяцца, і расшыфроўку іх зместу патрабавалася б цэлая кніжка. Мяне ўражвае ўменне і жаданне розных арганізацый і ўстаноў працаваць разам на агульную карысць.

Напрыклад, у бібліятэцы ёсць такі праект – спрыянне чытанню.  Ва ўсім свеце бацькі і настаўнікі скардзяцца, што дзеці не хочуць  чытаць. Фантастычная бібліятэка заахвочвае дзяцей чытаннем. Тут прапануюць ім самыя цікавыя кніжкі, запрашаюць у бібліятэку. І дзеці, гуляючы, пад кіраўніцтвам педагогаў з досведам незаўважна для сябе вывучаюць літары, а потым складаюць іх у словы.

Бібліятэка знаходзіць “сямейных чытальнікаў”, арганізуе іх сустрэчы з сем’ямі. Калі дзеці па нейкай прычыне не могуць атрымаць кніжку для чытання, работнікі бібліятэкі прыносяць ім яе дадому, і нават самі чытаюць дзецям.

– Каб жа наша якая-небудзь, неабавязкова фантастычная, бібліятэка зацікавілася гэтым досведам! – кажа Уладзімір Папковіч.

На думку пісьменніка, не варта ствараць яшчэ адну фантастычную бібліятэку ў Еўропе, падладжвацца пад некага. Ён лічыць, што для нас у першую чаргу патрэбная беларуская дзіцячая бібліятэка, дзе была б сабраная літаратура свету для дзяцей на беларускай мове. Каб там працавалі сапраўдныя энтузіясты беларускай мовы і літаратуры і прышчаплялі любоў да беларускай мовы з дзяцінства.