У Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу, што ў Мядзельскім раёне, 27 красавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё праекта дапамогі ў мэтах развіцця пад назвай «Формула поспеху».
Прафінансаваны ён у межах малых грантаў Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі.

Часткай праекта было стварэнне на тэрыторыі вучылішча ў Крывічах майстэрні па рамонце аўтамабіляў, якая стварае ўмовы для рэабілітацыі і сацыяльнай рэінтэграцыі моладзі і дае магчымасць атрымання прафесіі аўтамеханіка.

Атрыманне практычных уменняў у вучылішчы палегчыць маладым людзям пошук і пачатак легальнай аплатнай працы, а тым самым – старт у жыццё пасля заканчэння гэтай навучальнай установы.

Касцёл у Беларусі на мерапрыемстве прадставіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Таксама ў ім прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды і Часовы Павераны ў справах Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас.

Пасля ўрачыстага адкрыцця прысутныя змаглі агледзець новы клас і стэнды. Дырэктар установы правёў экскурсію па вучылішчы, а навучэнцы прадставілі невялікі канцэрт.

Праект рэалізавалі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Моладзевая рэлігійная місія “Чыстае сэрца” і Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча.