27 красавіка на трэцяй сесіі Савета дэпутатаў абмеркавалі два пытанні. Адно тычылася сацыяльнай падтрымкі інвалідаў, другое – ідэнтыфікацыі прыватных сельскагаспадарчых жывёл.

Інвалідам кампенсуюць транспартныя выдаткі

У Вілейскім раёне жывуць пяць інвалідаў, якім неабходная працэдура гемадыялізу. У Вілейцы гэтага не робяць, таму хворым з пэўнай перыядычнасцю трэба ездзіць у Маладзечна.

Марына Круцько, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, прапанавала дэпутатам праект рашэння аб мерах па падтрымцы такіх хворых.

У ім гаворка ішла пра тое, каб людзям, якім неабходны гемадыяліз, кампенсаваць праезд на працэдуру і назад. Ва ўпраўленні такі досвед ужо ёсць.

Па словах Марыны Круцько, нават калі ў раёне было 12-13 такіх хворых, грошы на кампенсацыю праезду заўсёды знаходзілі.

Праект рашэння дэпутаты падтрымалі адзінагалосна.

Навошта каровам пашпарты

Упраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама прадставіла праект плана мерапрыемстваў па ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчых жывёл на прыватных падворках.

Закон пра тое, што сельскагаспадарчыя жывёлы павінны быць ідэнтыфікаваныя і мець электронныя пашпарты, прынялі ў Беларусі 2015 годзе. Прынялі для таго, каб за жыццём жывёлы ад нараджэння да забою можна было сачыць і каб у магазіны і на рынкі трапляла больш якасная сельскагаспадарчая прадукцыя.

Біркі патрэбныя толькі тым жывёлам, гаспадары якіх плануюць здаваць сельскагаспадарчую прадукцыю. Калі ў жывёлы няма біркі, то ні мяса, ні малако дзяржава ў гаспадароў не возьме. Біркаванне неабходнае для буйной рагатай жывёлы, коней, свінняў, авечак і козаў.

Усе дадзеныя пра біркаваную жывёлу падаюцца ў рэспубліканскі Цэнтр інфарматызацыі сістэм у жывёлагадоўлі. У кожным раёне для лепшай каардынацыі працы ёсць рэгіянальны прадстаўнік цэнтра.

Ідэальна сістэма выглядае так: кожны гападар мае асабісты логін і пароль, можа ўвайсці ў электронны кабінет і ўнесці патрэбныя змены ў жыцці сваёй жывёлы. Напрыклад, пра тое, што яго карова нарадзіла бычка.

У райвыканкаме распавялі, што на Вілейшчыне 1040 кароў. Летась для іх упершыню закупілі біркі, цэнтралізавана сабраўшы грошы ў гаспадароў. Аднак многія старшыні сельсаветаў Вілейшчыны выказаліся на сесіі пра тое, што сістэма не прадуманая да канца. Напрыклад, з увядзеннем біркавання вялікая дадатковая нагрузка кладзецца на сельсавет, дзе і без таго хапае спраў.

Пакуль яшчэ старшыні сельсаветаў павінны сачыць, у каго ацялілася карова і думаць пра набыццё бірак. Хаця ў законе пазначана, што гэтым павінны займацца самі гаспадары. Але ж не кожны вясковец, асабліва сталага веку, зможа працаваць у інтэрнэце.

Улічваючы, што пытанняў да біркавання яшчэ шмат, да яго вырашылі звярнуцца на наступнай сесіі ў чэрвені.

Напрыканцы старшыня Савета дэпутатаў Алена Чабатар звярнула ўвагу на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Па яе словах, гэта пытанне актуальнае заўсёды, а вясной – асабліва.