Свята “У маёвым садзе” прайшло ў ноч з 12 на 13 мая ў сядзібе Васіля Грыня “Засценак Скрыплеў”.
Ноч танцаў арганізаваў этнаграфічны клуб “Кола” пад кіраўніцтвам Волі Трубач другі год запар.

Столькі чыстай вясковай рамантыкі вы б не знайшлі нідзе! Пад майскімі дрэвамі іграюць музыкі, выступаюць спевакі, побач парыць самавар, непадалёк сядзяць мудрыя бабулі, гарыць касцёр, а зверху празрыстае неба, поўнае зор.

“Ногі вымылі – і ў скокі!”

На маёўку запрашаюць мясцовых бабуль – каларытныя і дасведчаныя, яны параўноўваюць моладзевае свята з тымі, што ладзілі ў іх маладосці. З суседняй Дубіны прыехалі Ніна Іосіфаўна, Лідзія Аляксандраўна і Тамара Ула­дзіміраўна.

Бабулі з Дубіны.

– Нас запрасіў Васіль – мы яго ўнукам завём. Для моладзі гэта можа і ў навінку, а для нас – стан душы. Мы так жылі. Вельмі рады, што гэта аднаўляецца. Цудоўную справу робіць моладзь, проста цешымся з іх. Многія песні падабаюцца. Мы штогод дорым адну са старадаўніх мясцовых песень у рэпертуар арганізатарам. Гэтыя песні захавалі ад прапрабабуль, і вось перадаём.

Аднак, кажуць бабулі, сучасныя вечарынкі крыху адрозніваюцца ад тых, дзе танцавалі яны:

– У нашай маладосці было крыху не так, кажа Ніна Іосіфаўна. – Вечарынкі былі больш закрытыя. Запрашалі тых хлапцоў і дзяўчат, якіх хацелі пачуць. Хлопец абавязкова праводзіў дзяўчыну, і ў яе пасля ўсе пыталіся: “Хто цябе падводзіў?” Танцавалі з рознымі хлопцамі, трэба ж было і прыгледзіцца, а вось падводзіў адзін.

Працавалі з брыкетам, цэлы дзень варочалі. З працы чуць ідзеш. А як вярнуліся – ігрышча. Рабочыя боты скінулі, да карыта падышлі, ногі вымылі – і ў скокі!

– У кожнай вёсцы музыканты, ідзеш – там іграюць, там спяваюць, разносіцца! – прыгадвае Тамара Уладзіміраўна. – Часам строілі штукі – маглі дзверы звонку замкнуць ці яшчэ што. Танцавалі кракавяк, розныя полькі, каробачку, вальс. Вечарынкі ладзілі кожны дзень, моладзі ж трэба было нечым займацца. На іх і гулялі ў фанты, бутылачку. Як выпадзе цалавацца са сваім хлопцам – то і добра, а як з чужым – што ж, прыходзіцца! А малых на танцы не пускалі. У 16-17 пачыналі хадзіць. Жанатыя асобна збіраліся.

На свяце была выстава старых здымкаў, на якіх заснялі музыкаў.

“Дзеля Алеся Лася я гатова на ўсё”

На свята прыехалі госці з розных гарадоў Беларусі. Падзяліцца ўражаннямі мы папрасілі выхавальніцу Эдзіту Бранцэвіч са Смаргоні:

– Я тут упершыню. Сёлета да апошняй хвіліны не ведала, ці атрымаецца, бо вельмі далёкая і цяжкая дарога. Але дзеля лірніка Алеся Лася я была гатова на ўсё! Паглядзела на яго ў праграме “Вяскоўцы”, дзе апавядаў пра дуду, ваўкоў, чарадзействы, то настолькі захацела яго пабачыць, што не даравала б сабе, калі б не прыехала.

Прыехала адна, хаця і разумела, што ўсе будуць сваімі групамі, парамі. Баялася, што будзе самотна, але Алесь Лось перамог!

Вельмі люблю танцаваць з любой нагоды. Сваіх маленькіх выхаванцаў вучу танцам. Хоць яны і мітусяцца, як мухі, але ўражанні і эмоцыі атрымліваюць. Не ведаю, ці змагла б зла­дзіць нешта падобнае на Смаргоншчыне, тут такія моцныя арганізатары. А вось калі б дзяўчаты прыехалі да нас з такой ноччу, была б рукамі і нагамі за.

Пасмакуйце беларускую зямлю

Паміж танцамі госці падыходзілі да століка з самаварам. Зміцер Мурашка разам з жонкай Юляй Літвінавай частавалі чаем, гарбатай, слодычамі.

– Я архітэктар, некалькі год таму купілі дом у лесе на Валожыншчыне, расказвае гаспадар. – Месца багатае на расліны і зёлкі, таму ўсе на нашай пляцоўцы з уласнай зямлі – розныя зборы гарбаты, сочыва, салодкія пачастункі, сіропы. Частуемся смакам сваёй зямлі самі і частуем іншых.

“Будзем рабіць драўляную танцпляцоўку”

Цімафей Акудовіч з Мінска дапамагаў з арганізацыяй свята. Ён падзяліўся тым, што можна палепшыць налета:

– Не магу сказаць, што арганізацыя вымагала вялізных высілкаў. Так, папрацавалі. Зрабілі, можа, і не ўсё, што хацелі. Напрыклад, не хапіла сіл на драўляную танцпляцоўку. У наступным годзе трэба зрабіць. А колькасць гасцей была такой, як у нашых самых аптымістычных жаданнях. Калі з’язджаў, у нагах была прыемная стомленасць. На свяце былі розныя людзі, калі разумееш логіку танца, трохі распрацаваны, то любы лёгка падхопіш.

“Нібы трапляеш у кіно”

Адна з арганізатараў свята Ганна Кліма­шэў­ская спецыяльна паехала на свята не ў строі – таму што зусім не абавязкова на народныя танцы прыходзіць у народным касцюме.

– Гэта чароўная ноч, такая прыгожая раніца была! – дзеліцца ўражаннямі дзяўчына. – Прыгожая жывая музыка, ты танцуеш у пары, вакол усё размываецца – і нібы трапляеш у кіно. Ногі гу­дзелі добра, але на раніцу спаць зусім не хацела і адчувала сябе так лёгка, нібы ўсе кепскія думкі сышлі, застаўся нейкі свет і моцны пазітыўны зарад. Нібы адбылося ачышчэнне. Важна выбіраць, якім чынам ты адпачываеш. Мы адпачывалі так.

“Такая культура нас выведзе”

Гаспадар сядзібы Васіль Грынь размаўляў, увесь час выціраючы пот:

– Калі б і ўтрох сабраліся, усё б атрымалася. Мы ніякіх камерцыйных мэтаў не ставілі. Прыемна, што людзі, якія прыехалі, ці добра абазнаныя, ці ім хочацца даведацца глыбей пра танцы і спевы. Многія ўсцешаныя, што наша культура адра­джаецца. Колькі ў мяне хопіць здароўя, буду гэта рабіць. Менавіта гэта культура ў час айфонаў і машын будзе нас яднаць і выведзе. А я хош не хош буду ўсю ноч танцаваць. Тут жа хто каго адолее і хто стоміцца першы – танцоры ці музыкі.

Глядзіце і шкадуйце, што там не былі. 10 неверагодна атмасферных здымкаў з ночы танцаў «У маёвым садзе»