Днямі ў сталіцы ўсё аматары ўсходняга танца маглі паказаць сваё майстэрства на адкрытым фестывалі “Эльнара”. Віляйчанка Надзея Аўдзей, якая выступала ў кваліфікацыйнай катэгорыі “Дарослыя-1” заняла першае месца ў намінацыі “Аўтарская кампазіцыя. Сола. Дэбют”.
– Конкурс ладзіўся пры падтрымцы Беларускай лігі танцаў, – распавяла “Рэгіянальнай газеце” Надзея Аўдзей. – У ім можна было выступаць не толькі майстрам, але і пачынальнікам.

Надзея паказвала аўтарскую кампазіцыю, у якой змяшаліся некалькі стыляў усходняга танца. І хоць за першым месцам не ехала, але менавіта яго і прывезла.

Надзея з узнагародамі. Фота забяспечанае Надзеяй Аўдзей.

– Усходнімі танцамі займаюся каля трох гадоў. Пачынала ў студыі “Фарсаж” у Алесі Раздзялоўскай. Але хадзіць у студыю не хапала часу. Таму вырашыла займацца дома самастойна. Да мяне далучылася некалькі сябровак. Цяпер мы танцуем у сваё задавальненне. Нават стварылі ўласны гурт усходніх танцаў “Маліка”, – распавядае дзяўчына.

Па слова Надзеі, пасля перамогі стала больш упэўненай у сваім майстэрстве. А публікі і сцэны яна не баіцца ўжо даўно: праца ў музеі патрабуе пастаяннай публічнасці.

Акрамя медаля і дыплома, Надзея атрымала сэртыфікат на ўдзел у неабмежаванай колькасці намінацый на аналагічных спаборніцтвах у Бабруйску ў 2019 годзе. Гэта вельмі важна, кажа Надзея, бо за ўдзел у кожнай намінацыі трэба плаціць. Сертыфікат жа дае магчымасць бясплатнага ўдзелелу.