Юбілейны, дваццаты, фестываль-конкурс маладых выканаўцаў “Адна зямля” сёлета правядуць у Вілейцы, распавёў “Рэгіянальнай газеце” Сяргей Паўлоўскі, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама.
Дату правядзення ўдакладняюць. Верагодней, конкурс адбудзецца на адной з пляцовак моладзевага фестывалю субкультур “Энергия маладосці” 30 чэрвеня.

У гэты час збярэцца больш гледачоў, кажа Сяргей Фёдаравіч.

“Адна зямля” – фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні, які праводзяць па чарзе на Валожыншчыне і ў адным з раёнаў беларускага Павілля: Маладзечанскім, Вілейскім, Мядзельскім, Ашмянскім, Смаргонскім, Астравецкім.

Першапачаткова заснавальнікамі фестывалю сталі аддзелы культуры Маладзечанскага, Валожынскага і Ашмянскага райвыканкамаў і рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты”. Пасля далучыліся прадстаўнікі іншых раёнаў Павілля.

Першы фестываль адбыўся ў 1999 годзе на стадыёне ў Чысці.

Штогод рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” ўручае аднаму з удзельнікаў прыз глядацкіх сімпатый.

Летась фестываль-конкурс “Адна зямля” ладзілі ў Смаргоні.