Тры рэцэпты марынаду, і ўсе розныя – станьце гуру мангальнага мяса з нашымі парадамі.
Пра тое, як самому зрабіць такія шашлыкі, каб усе госці пальчыкі аблізвалі, для чытачоў “РГ” расказала майстар вытворчага навучання Вілейскага дзяржаўнага каледжа Алена Фірс. Яна разам з калегамі і навучэнцамі рыхтуе шашлыкі і іншыя стравы для разнастайных выставаў, дажынак і іншых святаў. Вілейскія шашлыкі цэняць за безумоўную якасць і навізну – тут любяць эксперыментаваць з рэцэптамі.

Выбіраем мяса

Бярыце толькі якаснае свежае мяса. Калі гэта свініна – абірайце шыйную частку. Так, гэта нятанна, затое шашлык атрымаецца сакавітым і вельмі смачным.

Алена Фірс рэкамендуе пры планаванні стала акцэнтаваць увагу на свініну. Менавіта яна – каралева шашлыкоў. Розныя кілбаскі, рабрынкі, кураціна і нават рыба таксама могуць на яго трапіць. Але лепш рабіць іх дадаткам на аматара.

Смак шашлыку залежыць у першую чаргу ад якасці мяса, а ў другую – ад марынаду. Прапануем тры адметныя варыянты.

Агульныя парады такія: наразайце мяса прыкладна аднолькавымі кавалачкамі, каб яно раўнамерна прапяклося. Марынуйце ў посудзе з эмалі, керамікі ці шкла. У крайнім выпадку можна скарыстаць пакет. Найлепш марынад размякчае мяса і насычае смакам за ноч.

Рэцэпт марынаду “Пяшчота”

З усіх варыянтаў яго абіраюць за простыя складнікі і пяшчотны смак.

На тры кілаграмы мяса трэба адзін літр кефіру і чатыры памідоры, нарэзаныя кольцамі. Спачатку ў посуд выкладаюць кавалачкі мяса ў адзін слой, іх трэба пасаліць і прыправіць. Далей пакласці памідоры, на якія можна выкладаць наступны слой мяса. Калі ўсё мяса будзе выкладзена, апошні слой пакрыйце памідорамі і ўсю масу заліце кефірам.

У гэтым рэцэпце са спецый варта выкарыстоўваць толькі молаты перац. Вытрымлівайце мяса ў марынадзе не менш за дзве гадзіны.

Смак атрымліваецца вельмі мяккі, мяса сакавітае. Выдатны варыянт для тых, хто не любіць воцат.

Рэцэпт марынаду “Карэйскі”

Такі спосаб падыдзе аматарам усходняй кухні. Смак мяса атрымаецца адметным і вельмі насычаным. Выкарыстоўвайце невялікія кавалачкі мяса. У марынадзе трымайце не менш за 40-80 хвілін.

На адзін кілаграм мяса вазьміце тры сталовыя лыжкі соевага соусу, столькі ж мёду, дзве сталовыя лыжкі бальзамічнага воцату, сок аднаго лімона, соль, чырвоны перац і кары.

Мяса на смак будзе вострым, з экзатычнай ноткай.

Рэцэпт марынаду “Бюджэтны”

Самы просты, даступны спосаб ні ў чым не саступае іншым па якасці. Гэта марынад на мінеральнай вадзе.

На тры кілаграмы мяса трэба ўзяць паўлітра вады. Майстар рэкамендуе абраць “Есентукі”. У марынад дадайце дзве сталовыя лыжкі воцату, цыбулю, нарэзаную кольцамі, маяран, базілік, соль і куркуму.

Марынуйце не менш за 2,5-3 гадзіны. Шашлык набудзе прыемны жоўты колер.

Што дадаць да шашлыку

Алена Фірс упэўненая, што шашлык – на дзіва самадастатковая страва. Аднак ён добра сябруе з гарнірамі і соусамі. Абірайце шашлычныя кетчупы ці падрыхтуйце свой варыянт. Паспрабуйце зрабіць такі соус: змяшчайце кепчуп з маянэзам і злучыце з расціснутым часнаком і здробненай зелянінай.

Гарнірам да карэйскага шашлыка падыдзе рыс, да кефірнага – бульбяное пюрэ, а да мяса на мінералцы – гародніна.

Шашлыкі – гэта страва для асаблівых выпадкаў, калі хочацца сябе папесціць. Таму выбірайцеся на іх толькі ў камфортнае надвор’е, а, самае галоўнае, – у кампаніі блізкіх, прыемных вам людзей. Тады мяса дакладна атрымаецца смачным.