Урад Беларусі даручыў Мінфіну выдзеліць ў II квартале 2018 года за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту Нацыянальнаму парку “Нарачанскі” амаль 1,4 мільёна беларускіх рублёў, сказана ў паведамленні прэс-службы Савета міністраў.
Сродкі выдзяляюцца на лесаахоўныя мерапрыемствы – барацьбу з рыжым сасновым пільшчыкам.

Рыжы сасновы пільшчык выяўлены ў Нарачанскім краі восенню мінулага года “без бачных прычын”, паведамляе сайт Нацпарка. Таксама шкоднік знойдзены ў суседніх з Мядзельскім раёнамі – Вілейскім Мінскай вобласці, Астравецкім і Смаргонскім Гродзенскай вобласці.