Змяненні ў правілах прыёму і навучання ў гімназіях выклікае занепакоенасць некаторых бацькоў. Пра тое, ці стане гэта праблемай, мы паразмаўлялі з бацькамі і педагогамі.
Нагадаем, паводле Указа Прэзідэнта №30 ад 25 студзеня адмененыя экзамены ў 5 клас гімназій. Толькі ў гімназіях-каледжах засталася праверка творчых навыкаў. У звычайных школах і тых, што маюць статус гімназій, будуць аднолькавыя вучэбныя праграмы. У першы і пяты клас дзеці будуць паступаць па прапісцы.

Мяркуецца, што раз няма розніцы ў праграмах, то і бацькам няважна, у якую школу пой­дзе дзіця. Таму і будуць аддаваць у тую, што бліжэй па месцы прапіскі.

Маладзечанка Вольга з гэтым катэгарычна нязгодная. Сям’я жыве на Лясных, а дзяцей водзяць у адну з гімназій Мала­дзечна.

– Па-першае, я не хачу, каб дзіця вучыла іспанскую мову, якую прапануюць у 9 школе, якая дасталася нам па прапісцы, – расказвае жанчына. – Па-другое, хаця і кажуць, што праграмы аднолькавыя, але ўзровень настаўнікаў і выкладання розны. Гімназіі ўсё роўна мацнейшыя.

Вольга перажывае, што яе дзіця не трапіць у пяты клас гімназіі, у якую цяпер ходзіць. Адміністрацыя ўжо сказала, колькі дзяцей трапляе да іх па месцы прапіскі. Астатніх будуць прымаць па чарзе.

– Я ведаю, што ахвотных застацца больш, чым месцаў, і ў чаргу будзем станавіцца ледзь не ноччу. Бачыла, што мінчане даюць аб’явы, што прадаюць прапіску на тры месяцы – якраз, каб дзіця прынялі ў гімназію.

Вось і я думаю, можа, мне прасцей перапрапісацца, каб дзіця дакладна трапіла ў тую школу, у якую я хачу?

Магчыма, пойдуць тыя, хто пабаяўся б экзаменаў

Галоўны спецыяліст сектара дашкольнай, сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Аксана Агірчук пракаментавала, што паступленне ў гімназіі штогод клапоціць бацькоў. І сёлета ў гэтым няма вялікіх змяненняў.

– Гімназіі прымаюць спачатку тых, хто ідзе па прапісцы. Застаюцца вакантныя месцы – іх займаюць па чарзе. Ужо ўсе гімназіі ведаюць, колькі ёсць вакантных месцаў. І штогод іх усе займаюць. Магчыма, сёлета ў гімназіі павядуць дзяцей тыя бацькі, якія б пабаяліся весці з экзаменамі.

Галоўны спецыяліст дадала, што некаторыя бацькі тэлефанавалі ў аддзел адукацыі і казалі, што збіраюцца перапрапісацца. Ці ісці на такі крок, аддзел адукацыі рэкамендаваць не можа, дадала яна.

Смаргонь: у гімназію возьмем усіх ахвотных

У аддзеле адукацыі Смаргонскага райвыканкама дадатковых клопатаў з прапіскай няма:

– У нашым горадзе праблем з паступленнем у гімназію дакладна не будзе, – перакананы Ігар Шчасны, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама. – Напэўна, гэта праблема можа ўзнікнуць у вялікіх гарадах.

Па словах Ігара Пятровіча, ужо падлічылі дзяцей, што трапляюць у гімназію па прапісцы. Іх каля трыццаці. І не факт, кажа загадчык аддзела, што яны ўсе захочуць ісці ў гімназію.

Таму вольных месцаў будзе дастаткова для ўсіх гараджан. З паступленнем у адзіную ў Смаргоні гімназію праблем не будзе.

Дырэктар гімназіі №7: мы заўсёды працавалі па мікрараёне

Таццяна Радкевіч, дырэктар маладзечанскай гімназіі №7, распавяла, што іх установа заў­сёды, яшчэ да новаўвя­дзення, арыентавалася на дзяцей з мікрараёна школы.

– Калі прымаем дзяцей у гімназію, кіруемся ўсімі неабходнымі дакументамі, – расказала “Рэгіянальнай газеце” дырэктар. – Калі будуць вольныя месцы, бяром ахвотных па-за мікрараёнам.