На двары жыхаркі Будзішча Наталлі Дуровіч стаіць вялізны дуб. Нядаўна гаспадары памералі, колькі ён у абхваце. Атрымалася шэсць метраў. Птушкі на дубе стала не жывуць, гнёздаў там няма. Але прылятаюць часта: то дзяцел на дрэве абуджае вёску стукам, то іншыя птушкі – сваімі спевамі.
Па словах гаспадыні, старасты вёскі Наталлі Дуровіч, у Будзішчы ўвесь час лічылі, што дубу гадоў трыста. Але неяк прыязджалі прамысловыя альпіністы, каб ссекчы сук з іншага дуба, куды больш танейшага і маладзейшага, то сказалі, што трыста год гэтаму дрэву. А дуб, што шэсць метраў у абхопе, значна старэйшы.

– Дрэва мае нават магічную гісторыю, – падзялілася Наталля Дуровіч. – Некалькі стагоддзяў таму наш продак, якога звалі Астап, пасадзіў гэты дуб. У хуткім часе пайшоў варажыць да чарнакніжніцы. Тая наваражыла, што Астап памрэ, які толькі дуб перарасце яго.

Па словах Наталлі, далёкі продак усур’ёз успрыняў словы варажбіткі. Як толькі дуб пачынаў дарастаць да яго, Астап кожны раз абломліваў верхавіну.

Як пасля склалася жыццё Астапа, Дуровічы не ведаюць. Але звесткі пра продка і Будзішча шукаюць. Дайшлі нават да архіваў Санкт-Пецярбурга.

Дуб з гісторыяй на падворку Дуровічаў у Будзішчы.

Фота аўтара.