У гэты панядзелак, 28 мая, у 10.30, у вёсцы Уладыкі на Вілейшчыне ля магілы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага адбудзецца мерапрыемства  ў гонар паўстанцкага атрада пад кіраўніцтвам Вінцэнта Козела-Паклеўскага. Чакаюць гасцей з Мінску і Маладзечна і святара.
У маі 1863 года ў баі з царскімі войскамі пад Уладыкамі загінула каля 200 паўстанцаў і іх кіраўнік Вінцэнт Козел-Паклеўскі.

Тых, каго не забілі, патапілі ў рацэ Ілія. Па словах мясцовых жыхароў, вада ў Іліі ў той дзень была чырвонай ад крыві.

Як распавядаў пры жыцці  краязнаўца, жыхар Лёпаўшчыны Янка Каляда, Вінцэнта Козела-Паклеўскага і яго брата Міхаіла пахавалі ў магіле разам з паўстанцамі, побач з Вінцэнтам паклалі шашку. Уночы бацька перазахаваў сыноў на сямейных могілках у Сэрвачы.

Кажуць, апошнімі словамі Вінцэнта былі: “Не мы, дык нашы косткі здабудуць незалежнасць”.