Фест у Гальшанах, які адбыўся 26 мая, даўно стаўся знакавым фестывалем сярэднявечнай культуры не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў краіне. Але бяда ў тым,  што свята якое стала традыцыйным, з года ў год страчвае наведвальнікаў. Чаму так сталася?
Фестываль падобнай скіраванасці ў краіне не адзін, і тут вельмі не хапае сваей адметнасці. Варта паглядзець, як гэта працуе ў суседніх краінах і кіравацца іх вопытам. Зразумела, што самае балючае пытанне – знайсці сродкі і акупіць выдаткі, але калі я аддаю 10 рублёў за уваход і яшчэ 7 за сваё дзіця, то я мушу ведаць, што гэты час правяду з густам і задавальненнем. Адпачыць з сям’ёй не так і танна атрымліваецца.

Ля сценаў замка, калі я прыйшоў на фэст сярэднявечнай культуры, я хачу яе адчуць. Чаму я мушу глядзець на шашлыкі з мясцовага райпо, калі хачу пакаштаваць стравы з каўзаноў сярэднявечных прыгажуняў, якія пры мне гатаюцца. І, наведаўшы не адзін дзесятак падобных фестываляў, скажу, што яны б з задавальненем гатавалі на продаж сваю ежу, адзінае — ім гэта не дазваляюць арганізатары. Крупнік, збіцень, медавуха і квас… традыцыйныя напоі, якімі не адно стагоддзе спаталялі смагу і наганялі весялосць, можна смела было б прадаваць, і яны б карысталіся вялікім попытам. Тут і спонсарам можна паклікаць аднаго з вытворцаў кваса на Гарадзеншчыне, вопыт фестываляў у іх ёсць.

Быць арганізатарам — гэта вельмі цяжкая і няўдзячная справа, таму гэтым мусіць займацца той, каму душа баліць гэтай зямлёй і традыцыяй, хто жыве духам сярэднявечча, і можа з тонкім густам перадаць той час.

Але, да жалю, фэст мала чым адрозніваецца ад звычайных Дажынак альбо свята горада. Усё тыя ж забаўкі, батуты і надзіманыя замкі, на фоне якіх мужныя рыцары ў сталёвых латах выглядаюць крыху камічна.

Музыка… што да музыкі, як мне падаецца, варта было б ладзіць open air на ўсю ноч. Вогнішчы, кемпінг, жывая музыка і танцы пад зорным небам. Вось чаго не хапае тут. Глядзіш, і праз які год фестываль ізноў зажыве і ператворыць аграгарадок Гальшаны, хоць на дзень-другі, але ў сярэднявечнае мястэчка Вялікага Княства Літоўскага.