Падобная інклюзіўная пляцоўка з'явіцца ў Валожыне ў канцы чэрвеня. Фота baikal-info.ru

Пасля 20 чэрвеня ў Валожыне з’явіцца дзіцячая пляцоўка Baby*s Smile. Чым яна будзе адрознівацца ад астатніх?
Новая дзіцячая пляцоўка будзе інклюзіўнай. Гэта значыць, на ёй змогуць вабіць час як звычайныя дзеці, так і дзеці з інваліднасцю. У горад ужо завезлі абсталяванне.

– Стварэнне такой пляцоўкі – ініцыятыва некалькіх супрацоўнікаў Валожынскага цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва, – распавяла дырэктар установы Галіна Рай. – У Беларусі мы будзем не першымі, але ў рэгіёне такая пляцоўка з’явіцца ўпершыню. Абсталяванне для яе вырабілі ў Наваполацку.

Праект стартаваў 31 сакавіка. Яго рэалізуюць сумесна з Фондам развіцця мясцовых супольнасцяў і пры фінансавай падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці.

Ініцыятыву актывістаў падтрымалі мясцовыя ўлады і жыхары горада. Жыхары навакольных двароў з вуліц Гагарына, Партызанскай і Горкага нават прапанавалі сваю дапамогу ва ўстаноўцы пляцоўкі.

– Людзей, якія жывуць побач, мы ўключаем і будзем уключаць ва ўсе этапы праекта, уключаючы выяўленне праблем і іх вырашэнне, планаванне і, вядома, святкаванне агульнага поспеху  – адкрыццё інклюзіўнай пляцоўкі ў канцы чэрвеня, –  падзялілася Галіна Рай.

На думку валожынскіх актывістаў, звычайныя гульнявыя комплексы, што ўстанаўліваюць у дварах жылых дамоў, не падыходзяць для дзяцей з інваліднасцю. Прыступкі, вышыня зон для дзіцячых гульняў, адсутнасць мяккага траўманебяспечнага пакрыцця часта перашкаджаюць паўнавартаснай гульні.

Сэнс інклюзіўнай пляцоўкі арганізатары бачаць у тым, што валожынскія дзеці з інваліднасцю і без яе змогуць тут разам гуляць. Гэта, на думку актывістаў, дапаможа пераадолець бар’ер  у зносінах паміж дзецьмі і палепшыць адаптацыю дзяцей з інваліднасцю ў грамадстве. Таму праект мае свой слоган: “Месца, дзе ўсе гуляюць разам, як роўныя”.

Інклюзіўная дзіцячая пляцоўка Baby*s Smile будзе першай у Валожыне і стане тэрыторыяй запуску новых магчымасцяў для сацыялізацыі дзяцей з інваліднасцю, раскрыцця іх фізічных і творчых здольнасцяў.

Інклюзіўную пляцоўку абсталююць каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Партызанскай побач з вулічнымі трэнажорамі. Тут будзе траўманебяспечнае пакрыццё, гульнявое абсталяванне, распрацаванае спецыяльна для дзяцей з інваліднасцю. Паставяць арэлі, паравозік і пясочніцу.

Пасля 20 чэрвеня пляцоўку плануюць адкрыць для наведнікаў.