У Германію едуць тыя, у каго на першым месцы выдатны сэрвіс, дагледжаныя не толькі атэлі, але і гарады, дарогі – усё, і гарантаваныя прыемныя ўражанні.
Калі вы ніколі не былі ў Германіі, пачніце з Берліна. Нават калі гэта толькі частка часу ў вашым падарожжы, аддайце яго гэтаму гораду. Тым больш, што менавіта Берлін – адно з самых зручных месцаў, куды можна прыбыць з Беларусі. Паглядзіце не толькі прывабныя турыстычныя месцы, удзяліце ўвагу і ўсходняй частцы горада, ды і проста месцам, не пазначаным у буклетах.

Плюсы адпачынку ў Германіі

Сэрвіс

Вы будзеце абсалютна ўпэўненыя, што ў вашым нумары чыста, што ўсё дакладна, пра багаж нервавацца не трэба, а персанал ненавязлівы.

У якасці тавараў, якія вы набудзеце – ад кілбасы да сувеніраў, – сумнявацца таксама не варта.

Фота youtube.com.

Кухня

Для беларусаў нямецкая кухня не будзе вельмі экзатычнай. Яна даволі тлустая, таму многія каштуюць спіртныя напоі. Што ж, у адпачынку дазволіць сабе можна.

Экскурсіі

Вы можаце абраць вельмі розны адпачынак. На беразе неспякотнага Балтыйскага мора, у сельскай цішыні ці ў адным з буйных нямецкіх гарадоў.

Які б варыянт вы ні абралі, не адмаўляйце сабе ў экскурсіях. Прырода, славутасці, людзі – тое, што папоўніць вашу скарбонку ўражанняў і адкрые свет па-новаму.

Цэны

Канешне, прывезці штосьці з Германіі за кучу грошай можна, але неабавязкова. Калі не баяцца пашукаць варыянты, нямецкія цэны не будуць кусацца.

У двух суседніх магазінах сувеніры могуць прадавацца з розніцай у цане на парадак. А калі трапіць на распродажы, можна ўвогуле закупіцца рэчамі па вельмі выгадных цэнах.

За 10 еўра вы можаце сытна павячэраць у рэстаране.

Калядная Германія – гэта проста казка. фота imaginetravel.com.ua.

Утульнасць

У Германіі клапоцяцца, каб інфраструктура была зручнай для ўсіх. Таму дзеці, сталыя лю­дзі, людзі з інваліднасцю могуць быць спакойныя, што змогуць свабодна перамяшчацца.

Ва ўсіх установах ім будуць рады і нідзе яны не адчуюць сябе нежаданымі гасцямі.

Паездка на машыне

Калі вы хацелі б падарожнічаць на машыне, дазвольце сабе праехаць па нямецкім аўтабане.

Мінусы

Мова

Немцы ў большасці не ведаюць беларускую ці рускую мову, таму камунікаваць трэба па-нямецку ці па-англійску.

Віза

Так, для адпачынку ў Германіі спатрэбіцца віза.

Паркоўка

Калі вы ўсё ж спакусіліся нямецкім аўтабанам, улічыце, што паркоўкі ў Германіі амаль паўсюль платныя.

Куды ездзяць адпачываць самі немцы

Жыхары Германіі пастаянна ў лідарах планеты сярод падарожнікаў. Па-першае, нямецкі пашпарт дазваляе ездзіць у шмат якія краіны без віз. Па-другое, адпачынак у немцаў звычайна 26-30 дзён.

Таму многія дзеляць яго на дзве часткі. Летам выбіраюцца на мора ці ў цікавую краіну, а зімой звычайна адпачываюць на гарналыжных курортах.

Найчасцей немцы ездзяць у Іспанію – краіна размешчаная недалёка, а клімат зусім іншы. Асабліва аблюбавалі Маёрку. Многія заможныя немцы маюць там нерухомасць, а студэнты ездзяць, каб падзарабіць.

Моладзь аддае перавагу больш клубнай Ібіцы. Шмат хто абірае Турцыю, Італію, Францыю і Грэцыю.

Больш за палову адпачывальнікаў-немцаў арганізуюць адпачынак самастойна – абіраюць даты, рэйсы, маршруты. 74% жыхароў Германіі называюць мэтай адпачынку вывучэнне іншай краіны і яе культуры. Астатнія выбіраюцца, каб пабыць з сям’ёй ці сябрамі.