Падборка падзей гэтага тыдня.

1 чэрвеня

Міжнародны дзень абароны дзяцей.

85 гадоў з дня заснавання (1933) Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (ад 1991 года – Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт).

1836. Закладзены першы камень Брэсцкай крэпасці.

2 чэрвеня

1806. Нарадзіўся Аляксандр Валадковіч (каля мястэчка Радашкавічы), адзін з кіраўнікоў паў­стання 1830–1831 гадоў.

4-6 чэрвеня

25 гадоў назад (1993) у Маладзечне адбыўся першы рэспубліканскі фестываль беларускай песні і паэзіі.

5 чэрвеня

Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай.

6 чэрвеня

1841. Нарадзілася Эліза Ажэшка (дзяв. Паўлоўская, маёнтак Мількаўшчына, цяпер Гро­дзенскі раён), польская пісьменніца беларускага паходжання. Шырокае прызнанне прынеслі ёй раман “Мэір Езафовіч”, апавяданні са зборніка “З розных сфераў”, аповесці з жыцця беларускага сялянства “Нізіны”, “Дзюрдзі”, “Хам”. Самым значным творам лічыцца раман “Над Нёманам”.

З больш позніх твораў можна вылучыць раман “Арганаўты”. У 1904 годзе яна была намінаваная на Нобелеўскую прэмію. Члены Нобелеўскага камітэта, азнаёміўшыся з яе творамі, высока ацанілі пісьменніцкі талент. Але большасць членаў камітэта прагаласавала за Генрыка Сянкевіча. У 1909 годзе Ажэшку зноў намінавалі на Нобелеўскую прэмію, але гэтым разам узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф. Памерла ў 1910 годзе ў Гродне, там і пахаваная.

1934. У Леніградзе памёр Браніслаў Эпімах-Шыпіла, дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнаўца, літаратуразнаўца. Нарадзіўся ў верасні 1859 года. У 1929 годзе перадаў у БелАН асабістую бібліятэку з пяці тысячы тамоў. Некаторыя рукапісы захоў­ваюцца ў архіве Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.

7 чэрвеня

1563. 455 гадоў таму Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў Віленскі прывілей, які параўнаў у правах праваслаўных і каталікоў у Вялікім Княстве Літоўскім.

1976. Памёр Міхась Машара, беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Нарадзіўся ў 1902 годзе.