У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі 24 мая адбыўся фінал абласнога этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”. Сюды прыехалі пераможцы раённых этапаў. Усяго было 98 удзельнікаў.
Яны чыталі вершы народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, прозу Васіля Быкава, Кузьмы Чорнага і іншых. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу члены журы адзначылі высокую падрыхтоўку ўдзельнікаў, паведамляе абласны інстытут развіцця адукацыі.

Сярод лепшых аказалася пяць прадстаўнікоў рэгіёна. Паміж вучняў пачатковых класаў дыплом другой ступені ў Аліны Мілеўскай (Дорскі дзіцячы сад – сярэдняя школа Валожынскага раёна). Дыплом трэцяй ступені атрымала Ганна Лукша з Вілейскай гімназіі №2.

Сярод пяці-шасцікласнікаў дыплом другой ступені заваявала Ангеліна Ветлова з Маркаўскай сярэдняй школы з Маладзечаншчыны. Паміж 7-8 класаў дыплом трэцяй ступені на рахунку вучаніцы Чурлёнскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Вілейскага раёна Надзеі Шарафановіч. Сярод 9-10 класаў вызначыўся яшчэ адзін вучань Дорскага дзіцячага сада – сярэдняй школы — Ілья Пашкоўскі. Яму прысудзілі дыплом другой ступені.

Фота з сайта moiro.by