Аднойчы пецярбуржац Глеб Пудаў – кандыдат навук па мастацтвазнаўстве і перакладчык з нямецкай мовы зайшоў у кнігарню ў Оршы. На вочы трапілася кніга маладзечанкі Марыі Бельскай.
Пагартаў тонкі паэтычны зборнік “Таямніца”, уразіўся вершамі аўтаркі з Маладзечна, а асабліва паэмай, прысвечанай Мядзельшчыне. Кнігі іншых аўтараў так не зачапілі. Глеб звязаўся з Марыяй праз фэйсбук і прапанаваў паўдзельнічаць у праекце.

Як можна не выказаць любоў да Беларусі?

Праект уяўляе сабой выданне вялікай кнігі пра Беларусь. Дарожныя нататкі Глеба будуць папярэднічаць перакладам вершаў сучасных беларускіх паэтаў на рускую мову.

У дарожных нататках аўтар паспрабуе перадаць свае ўражанні ад наведвання Беларусі, даць суб’ектыўную ацэнку таму, што адбываецца ў краіне. А пераклады зоймуць найбольшую частку.

– Я вельмі люблю беларускую мову. Яна самадастатковая. Гэта мова цудоўна падыходзіць для цвёрдых паэтычных формаў – санетаў, трыялетаў, – кажа Глеб. – Лёгкасць перакладу з беларускай мовы на рускую і наадварот вельмі падманлівая. Лічу, што беларуская мова вартая таго, каб яе папулярызаваць.

Адкуль у расіяніна такая любоў і зацікаўленасць да Беларусі? Упершыню Глеб трапіў сюды год 12-14 таму. Кажа, спадабалася фантастычная прырода і добрыя шчырыя людзі – беларусы. З тых часоў Глеб прыязджае ў Беларусь тры-чатыры разы на год.

Глеб мае некалькі ўласных кніг. Фота facebook.com.

– Ведаеце, калі вечарам прыбываеце на цягніку “Санкт-Пецярбург – Гродна”, кідаеце рэчы ў гасцініцы “Нёман” і бяжыце на аднайменную раку, адкуль адкрываецца прыгожы далягляд, то раптам згадваеш нешта з радкоў Рыгора Барадуліна. Як можна пасля гэтага не выказаць сваю любоў да Беларусі, напрыклад, у выглядзе кніжкі? – дзеліцца эмоцыямі Глеб.

У літаратуры не чужы

Да таго ж Глеб заўсёды захапляўся літаратурай, сам піша вершы. Яго пераклады з беларускай мовы на рускую публікаваліся ў літаратурных часопісах Беларусі і на беларускіх сайтах, а пераклады з беларускай мовы на нямецкую з’яўляліся на старонках выданняў у Германіі.

Марыя на адной са сваіх літаратурных імпрэз. Фота Аксаны Ярашонак.

Ні адзін прыезд Глеба ў Беларусь не абыходзіцца без паходаў у кнігарні. Прызнаецца, што заўсёды праглядае паліцы з паэзіяй. Так адкрыў некаторых беларускіх паэтаў. Кагосьці знайшоў праз інтэрнэт, кагосьці – парэкамендавалі. Сабралася 40-50 аўтараў. Аднак Глеб не выключае, што да моманту выдання іх стане больш.

Распавесці расіянам пра Беларусь

Выдаць кнігу Глеб Пудаў плануе сёлета ў сябе на радзіме за ўласныя сродкі. Чакае прадмовы ад аднаго вядомага беларускага крытыка.

– Лічу, што кніга будзе цікавай, у першую чаргу, расіянам, – дзеліцца Глеб. – Многія з іх дрэнна ведаюць культуру, у прыватнасці літаратуру. Хочацца адкрыць Беларусь для сваіх суайчыннікаў. Магчыма, у кагосьці складзецца ўражанне, што чалавек, які бывае ў Беларусі наездамі, не мае права пісаць пра яе нататкі. У сваё апраўданне магу сказаць, што я ўвесь час сачу за навінамі з Беларусі, чытаю кнігі пра яе гісторыю і культуру. Мне гэта цікава. Лічу, што менавіта пераклады вершаў змогуць больш распавесці пра вашу краіну. А мае дарожныя нататкі стануць своеасаблівым уступам.

Яшчэ адна кніга Глеба. Фота facebook.com.