Здарэнне адбылося ў маі. Часта мой маршрут пралягае праз адзін пасёлак у рэгіёне. У гэтым мястэчку я карыстаюся паслугамі мясцовага аддзялення пошты.

 У той дзень я наведаў гэту ўстанову, каб адправіць у Мінск невялікую бандэрольку. Прачакаўшы больш за гадзіну (пакуль работнікі вырашалі пытанні са сваім гандлёвым пунктам), маю пасылку нарэшце ўпакавалі і вярнулі для ўказання адраса атрымальніка і зваротны.

Падпісаў бандэроль, як заўжды, па-беларуску і перадаў яе  для адпраўкі работніку аддзялення. Работніца запатрабавала ад мяне перакладу адраса на рускую. Гэтая заява мяне вельмі ўразіла і збянтэжыла. Я, у поўнай разгубленасці ад такой нечаканай заявы, спытаў, у чым праблема.

У адказ пачуў на “трасянцы”: “Добра як вы знаеце беларускій язык, а я во не знаю! І я ніяк не магу перавясці слова “Пераможцаў” на рускій, бо і камп’ютар не пераводзіць”.

Я пераклаў. Маўчком дачакаўся канца афармлення адпраўкі бандэролькі. Атрымаўшы чэк, сышоў, не патрабуючы ў той раз ад работнікаў аддзялення ніякіх тлумачэнняў. У аддзяленні і без таго сабралася вялізная чарга людзей. Нейкая захавалася надзея, што, магчыма, жанчына была не ў настроі, таму і павяла сябе гэтак.

Прайшоў тыдзень, мне з аддзялення сувязі так ніхто і не патэлефанаваў, не папрасіў прабачэння.

Пасля я сам зайшоў у аддзяленне і зноў жа з надзеяй, што ўсё ж мінулыя заявы былі выпадковымі. Але, на вялікі жаль, паводзіны работнікаў былі звычайныя і быццам бы нічога не здарылася. Я папрасіў у начальніка аддзялення сувязі “Кнігу заўваг і прапаноў” і зрабіў у ёй адпаведныя запісы.

Як можа ў дзяржаўнай установе займаць дзяржаўную пасаду асоба, якая ўвогуле не валодае дзяржаўнай беларускай мовай? І нават пра гэта адкрыта заяўляе. Куды глядзелі вышэйстаячыя начальнікі, калі прызначалі на пасаду неадукаваную асобу, яна  не адпавядае гэтай пасадзе?!

Мне вельмі цяжка верыцца, што работніца пошты не тое што не валодае беларускай мовай, а нават яе не разумее. Яна карэнная жыхарка. Вучылася ў беларускай школе. А беларускай мовы не ведае?!