Шкоду амаль у тры тысячы рублёў нанёс навакольнаму асяроддзю жыхар Вілейкі.
На падазронага рыбака на Вілейскім вадасховішчы супрацоўнікі Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету звярнулі ўвагу 17 чэрвеня каля дзевяці вечара.

Мужчына на лодцы з ПВХ імітаваў рыбалку вудай. Падчас скрытага назірання спецыялісты заўважылі, што рыбак дастаў з вады сетку, вытрас рыбу да сябе ў лодку, а сетку кінуў назад у ваду.

Каля берага мужчыну затрымалі. Забаронены ўлоў важыў 27 кілаграмаў, у асноўным акунь, плотка, лешч і судак.

Затрыманы – 39-гадовы жыхар Вілейкі, які нідзе не працуе. Ён сцвярджаў, што сетка яму не належыць. Аднак адказнасць панясе, бо па правілах рыбалоўнай гаспадаркі, забараняецца здымаць чужыя сеткі і забіраць з іх рыбу. Гэта ўсё роўна незаконная здабыча.

Супраць фігуранта ўзбудзілі крымінальную справу.

– Хочацца нагадаць, што варварскія адносіны да прыроды ўрэшце прывядуць да адказнасці. Ці варта рызыкаваць? – кажа начальнік Мядзельскай міжраённай інспекцыі Валеры Кляноўскі.