У Вілейцы завяршыўся пленэр, прысвечаны творчасці Страмінскага.

– Вы ўявіце, што гэтымі самымі вуліцамі, дзе вы цяпер ходзіце, хадзіў Уладзіслаў Страмінскі, у гэтым будынку, дзе вы вучыцеся маляваць, выкладаў малюнак Уладзіслаў Страмінскі. У вас абавязкова ўзнікнуць пачуцці. Малюйце не тое, чаго ад вас нехта чакае, а выказвайце свае пачуцці. – Прыкладна так, дзеліцца мастак і адзін з ініцыятараў пленэра Эдуард Мацюшонак, ён гаварыў дзецям, якія амаль два тыдні малявалі Вілейку, старыя дворыкі ля былой гімназіі, касцёл, музей: тыя месцы, якія, магчыма, таксама натхнялі Страмінскага ў далёкім 1939-м ці 40-м.

Нават у партрэтах аўтары не стараліся перадаць фатаграфічныя рысы той ці іншай асобы, а, галоўнае, яе бачанне аўтарам. Эдуард Мацюшонак як прыклад прывёў работы васьмікласніка Паўла Андранюка, у адной з якіх той паказаў самаго Страмінскага, чалавека надзвычай складанага і трагічнага лёсу.

Эдуард Мацюшонак ля работы Паўла Андранюка.

Такім бачыць будынак сённяшняга краязнаўчага музея ў Вілейцы Дар’я Місюль.

Старшыня Вілейскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Шляпо расказвае дзецям і бацькам, чым можа будзе заняцца ўлетку у Вілейцы.

Алена Мацюшонак.

Кіраўнік аддзела ідалогіі райвыканкама Сяргей Паўлоўскі быў адным з арганізатараў пленэра. Ён уганараваў удзельнікаў акцыі дыпломамі.

Музыку са славутага “Полацкага сшытка” ігралі вілейскія гітарысты.

У выставачнай зале.

Мастак Барыс Цітовіч расказвае пра складаны лёс мастака, інжынера і вайскоўца Уладзіслава Страмінскага.

 

Пленэр, прысвечаны творчасці Страмінскага, быў арганізаваны пры дапамозе і ўдзеле аддзелаў ідэалогіі і адукацыі райвыканкама, Вілейскага краязнаўчага музея. Удзельнічалі больш за 20 юных мастакоў з Вілейкі, вілейскай Любані. Былі сярод мясцовай дзятвы і двое мінчан.

На думку Эдуарда Мацюшонка, не з кожнага ўдзельніка пленэра атрымаецца мастак. Гэта і не абавязкова. А вось адчуваць гэтыя дзеці навучыліся.

– Калі чалавек узважвае як на шалях, што больш важнае, то гэта матэматыка, а калі ён рашэнне прымае сэрцам, то гэта пачуцці, – расказваў бацькам удзельнікаў пленэра, якія запоўнілі выставачную залу імя Нікадзіма Сілівановіча, Эдуард Мацюшонак. – І вашы дзеці адчуваць умеюць.

Вынікам пленэра стала выстава, у якой былі прадстаўленыя каля 100 самых разнастайных па эмоцыях работ школьнікаў.

Усе ўдзельнікі былі адзначаныя, хто дыпломам, хто падзякай.

У пленэры ўдзельнічалі дзеці, якія займаюцца ў Любанскім філіяле дзіцячай школы мастацтваў, дзіцячай студыі “Вясёлка” і раённага Цэнтра дадатковай адукацыі. Падчас пленэру з яго ўдзельнікамі працавалі педагогі Алена і Эдуард Мацюшонкі, Сяргей Гарачаў.

Даведка “РГ”. Уладзіслаў Страмінскі (1893, Мінск – 1952, Лодзь). Беларускі і польскі мастак. Ідэолаг унізму – сучаснай плыні ў мастацтве. Двойчы лёс звязваў яго з Вілейкай, дзе нарадзіліся шэдэўры сучаснага мастацтва, у т.л. цыкл “Заходняя Беларусь”. Імем мастака названа мастацкая акадэмія ў Лодзі.