“Чысць” прайграла 0:3 “Лідзе”

Матч 11 тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе “Чысць” праводзіла ў гасцях. Каманда з Маладзечаншчыны 17 чэрвеня прайграла “Лідзе” 0:3.

– Мы ведалі, што будзе вельмі цяжка, тым больш, што за тыдзень – гэта ўжо трэцяя гульня, – прыводзіць словы старшага трэнера “Чысці” Дзяніса Мятліцкага афіцыйны сайт ФК “Ліда”. – Цяпер сем чалавек у нас у лазарэце – траўмаваныя, прастуджаныя. На здаровых хлопцаў выпала каласальная нагрузка. Сёння цэнтральны абаронца ў нас дзейнічаў наперадзе. Вядома, хацелі згуляць другім нумарам, не ўсё атрымалася, не было свежасці…

“Смаргонь” у гасцях гуляла з мікашэвіцкім “Гранітам”. Матч завяршыўся безгалявой нічыёй 0:0 .

“Смаргонь” займае сёмае месца, каманда набрала 13 ачкоў. “Чысць” з пяццю ачкамі ідзе 14-й.

“Смаргонь” і “Чысць” даведаліся сапернікаў па 1/16 фіналу

У Доме футбола прайшло лёсаванне 1/16 фіналу Кубка Беларусі. Сапернікам “Смаргоні” ў 1/16 фіналу будзе сталічнае “Тарпеда”. “Чысць” прыме салігорскі “Шахцёр”.

Гульні адбудуцца 28-29 ліпеня. Стадыя будзе згуляная ў адзін матч.

“Маладзечна” вырвала нічыю

Выніковай нічыёй для “Маладзечна-ДЮСШ-4” завяршыўся матч дзявятата тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў другой лізе . У Мінску маладзечанцы 17 чэрвеня гулялі супраць “Энергетыка-БДАТУ”. Землякам увесь час даводзілася быць у ролі даганяючых.

Пасля першага тайма лік быў 1:1. У канцы тайма забілі гаспадары, а ў дададзены час Сяргей Крот рэалізаваў пенальці. У другім тайме мінчане на 59-й хвіліне зноў выйшлі наперад, але Сяргей Лавор далёкім ударам зраўняў лік – 2:2.

Тут жа “Энергетык-БДАТУ” зноў вырываецца наперад, але на трэцяй дададзенай хвіліне Сяргей Крот забіў свой другі мяч у гульні. У выніку – 3:3.

“Ашмяны-БДУФК” дома атрымалі мінімальную перамогу 1:0 над  “СМІаўтатрансам” са Смалявіцкага раёна.

Ашмянская каманда займае чацвертае месца, “Маладзечна-ДЮСШ-4” – перадапошняе, 14-е.

“Вілія” выйграла дома

Чарговы матч чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе ФК “Вілія” з Вілейкі 17 чэрвеня правёў дома – гулялі з ​​“Крупкамі-ДРБУ-164”. Віляйчане забілі першы гол ужо на другой хвіліне і ўрэшце выйгралі 3:1. Усе галы ў матчы гледачы пабачылі ў першым тайме. У віляйчан два галы забіў Яўген Анасовіч, яшчэ адзін – Віталь Максімовіч.

Пасля чацвертага тура “Вілія” займае шостае месца з дзесяці камандаў.

На здымку: гол уляцеў у вароты “Крупак-ДРБУ-164”.