Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа Лізавета Панцялейка паступіла ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) у Вільні на дыстанцыйную форму навучання. У спецыяльным інтэрв’ю першакурсніца праграмы «Візуальны дызайн і медыя» дзеліцца перавагамі дыстанцыйнай вышэйшай адукацыі ў Еўропе.
Вы ўжо атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Мінску і цяпер заканчваеце першы курс праграмы «Візуальны дызайн і медыя» ЕГУ. Чаму вы вырашылі атрымліваць вышэйшую адукацыю і як абралі ЕГУ?

Мне часта даводзілася мець справу з чарцяжамі, бо па першай адукацыі я тэхнік-архітэктар. Вучыцца было цікава, але я заўсёды хацела больш свабоды і творчасці, таму ў глыбіні душы марыла стаць дызайнерам. Пасля абароны дыплома ў каледжы зразумела, што цяпер самы час, каб рэалізаваць сваю мару, і неўзабаве пачала шукаць універсітэт, які б падыходзіў мне па ўсіх крытэрах. Прынцыпова не разглядала дзённае навучанне, таму што трэба было зарабляць грошы.

Першапачаткова я планавала вучыцца ў Санкт-Пецярбургу і сур’ёзна рыхтавалася да іспытаў, але ў апошні момант перадумала і загарэлася паступленнем у ЕГУ. Мяне натхнілі гісторыі выпускнікоў, кар’ерныя магчымасці і сама Вільня, таму я хутка зарэгістравалася на іспыт па кампазіцыі, які неабходна было здаць, каб прайсці на дызайн. Падчас іспыту я адчувала сябе спакойна і абсалютна не хвалявалася, бо разумела, што дзякуючы каледжу я маю добры досвед. Усё прайшло сапраўды выдатна, і неўзабаве я ўбачыла сябе ў спісе залічаных.

Чаму вы вырашылі вучыцца дыстанцыйна? Якія перавагі такога фармату навучання бачыце?

Адказ банальны, але мне неабходна падладжвацца пад працу. Я павінна быць у офісе строга з 08:30 да 17:30, таму варыянт з дзённым навучаннем адразу адпадае.

Калі вучышся дыстанцыйна, можна дазволіць сабе спакойна працаваць, падарожнічаць і займацца любымі іншымі справамі.

Кожны студэнт складае сабе зручны графік, вылучае вольныя дні і пачынае вучыцца. Але вось строгія дэдлайны, вядома, ніхто не адмяняў, а таксама і 5 сесій штогод у Вільні.

Ці можаце Вы параўнаць, чым навучальны працэс у Вільні вылучаецца ў параўнанні з вучобай у Мінску?

Мне падабаецца, што ў Вільні я не адчуваю якога-небудзь жорсткага кантролю і напружання. На парах можна смела выказваць сваё меркаванне, галоўнае, каб яно было выразна абгрунтаванае. У нас праходзіць шмат цікавых актыўнасцяў, накіраваных на збліжэнне студэнтаў.

Таксама добрымі адзнакамі можна зніжаць кошт навучання. Такім чынам, калі ў цябе добры сярэдні бал за сесію, ты можаш атрымаць важкую зніжку ці ўвогуле нічога не плаціць у наступным семестры.

Якія кар’ерныя перспектывы адкрыліся перад вамі пасля навучання ў Мінску? Ці працуеце  вы па спецыяльнасці?

Складана назваць маю адпрацоўку пасля каледжа кар’ернай перспектывай, але гэта таксама добры досвед, які паказаў, што цяпер самы час перагарнуць старонку і смела рухацца далей.

Два гады ў мяне не было магчымасці выбіраць прафесію, але тэрмін майго кантракта заканчваецца, а гэта значыць, што цяпер я магу цалкам распараджацца сваім часам.

Ці атрымоўваецца вам сумяшчаць працу і вучобу ў ЕГУ?

У самым пачатку было трохі нязвыкла, але з часам я знайшла баланс, таму зараз спакойна атрымліваецца сумяшчаць працу з вучобай.

Якую параду вы далі б беларускім абітурыентам 2018 года?

Адважна ідзіце наперад да пастаўленых мэт і нічога не бойцеся.

У 2018 годзе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні прымае студэнтаў на  дыстанцыйныя бакалаўрскія праграмы «Візуальны дызайн і медыя», «Культурная спадчына і турызм», «Медыя і камунікацыя», а таксама на праграму бесперапыннага навучання «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза».

Таксама адкрыты набор на магістарскія праграмы: «Культурныя даследаванні» (спецыялiзацыi: Крытычныя гарадскія даследаванні, Гендэрныя даследаванні, Візуальныя і культурныя даследаванні), «Гістарычная і культурная спадчына», «Публічная палітыка».

Прыём дакументаў на завочныя праграмы – да 1 ліпеня.

Усе пытанні па правілах прыёму і працэсу паступлення можна задаць:

  • recruitment@ehu.lt
  • Skype: QuestionEHU
  • Тэл.: +370 5 263 96 50
  • http://be.ehu.lt

Г. Вільня, Літва, 300548028