Жанчына, якая працуе швачкай на прыватным прадпрыемстве, расказала, чаму не выкарыстоўвае магчымасць зарабляць больш, дзе купляе прадукты і на чым эканоміць, каб улетку адправіцца да мора.

Вабіць графік працы

Швачкай я працую крыху больш за чатыры гады, а раней працавала прадаўцом на рынку. Узімку мерзнуць даводзілася пастаянна. З рынку сышла, як толькі даведалася пра цяжарнасць.

У дэкрэтны адпачынак сыходзіла ў статусе беспрацоўнай. Калі сыну было амаль тры гады і прыйшла пара падшукваць працу, я даведалася пра сваю другую цяжарнасць. Таму да пытання аб працаўладкаванні вярнулася, калі тры гады споўнілася ўжо малодшаму дзіцяці. Пра тое, каб зноў ісці гандляваць на рынак, не магло быць і гаворкі. Ужо падчас цяжарнасці мне пачалі «адгукацца» ўсе дні, праведзеныя на марозе.

Неяк убачыла аб’яву аб наборы швачак і пайшла на сумоўе. Мяне адразу прынялі на працу вучаніцай, а праз тры месяцы прысвоілі першы разрад. Працуем пяць дзён на тыдзень, з васьмі раніцы да паловы пятай вечара. Перапынак на абед – паўгадзіны.

У нас на прадпрыемстве ёсць швачкі, якія зарабляюць па 700-800 рублёў, для гэтага яны прыходзяць на працу да шасці раніцы і строчаць на швейных машынках да сямі вечара. Прыйшоўшы дадому, кладуцца і адпачываюць. А ў мяне дзеці яшчэ маленькія, малодшага з садка трэба забіраць, са старэйшым урокі рабіць, вячэру для сям’і гатаваць. Так што працую па афіцыйным графіку.

Менш пены

Штомесяц зарабляю 420 рублёў. Гэта прыкладна траціна ад нашага агульнага з мужам заробку. Як толькі атрымліваю зарплату, адразу аплачваю камунальныя паслугі, інтэрнэт і дзіцячы сад. На гэта сыходзіць 150 рублёў. Прыкладна 30 рублёў кожны месяц я трачу на бытавую хімію і мыйныя сродкі для ўсёй сям’і.

Раней больш грошай выдаткоўвала на догляд за сабой: купляла дарагі імпартны шампунь, шмат сродкаў для дадатковага догляду за валасамі, крэмы і розныя маскі для твару. Цяпер уся мая касметыка толькі беларускіх вытворцаў. Акрамя таго, скараціўся асартымент тавараў, якія перамяшчаліся з паліц крам у мой ванны пакой.

Напрыклад, калі раней прымала ванну з пенай, мылася гелем для душа, то цяпер проста напаўняю ванну вадой і мыюся мылам. Вось і ўсё.

Раней для кожнай паверхні ў ваннай, прыбіральні і на кухні купляла асобны мыйны сродак. Цяпер і на гэтым эканомлю. Чым, напрыклад, адрозніваецца паверхня ўнітаза ад ракавіны ў ваннай? Нічым. І адно, і другое – кераміка. Дык навошта марнаваць у два разы больш грошай, купляючы розныя сродкі?

Без мяса і прыгажосці ніяк

У маёй сям’і трое мужчын, двое з іх актыўна растуць і развіваюцца, таму карміць іх трэба сытна і паўнавартасна. Мой дэвіз – якім бы ні было матэрыяльнае становішча, на ежы для дзяцей не эканоміць. Ды і пра мужа забываць не варта, усё ж ён – асноўны карміцель у сям’і. Таму практычна ўся астатняя частка майго заробку сыходзіць на прадукты. Мы рэдка закупляемся па-буйному, хоць многія знаёмыя пераконваюць мяне, што гэта вельмі зручна. Раз у месяц затарыліся мясам, рыбай, а потым толькі гатаваць паспявай. Але я пакуль яшчэ такі спосаб не спрабавала.

У краму заходжу кожны дзень пасля працы. Штодня ў нас на стале стравы з мяса, рыбы, курыцы. Паўфабрыкаты не купляем: гэта і даражэй, і шкодна для здароўя, асабліва дзіцячага. Абавязкова стараюся даваць дзецям малочныя прадукты, а вось прысмакаў шмат не купляем, больш садавіны. Ну, а ўжо калі моцна захочацца смачненькага, лепш нешта сама спяку. Гародніну практычна не купляем: нашы бацькі жывуць у вёсцы і забяспечваюць пладамі сваёй працы ў агародзе.

Сама стараюся харчавацца прасцей, лепш аддам грошы на цырульню, куды хаджу кожны месяц: фарбую валасы, раблю манікюр, летам – яшчэ і педыкюр. Штомесяц на гэта ідзе 40 рублёў. Пастаянна купляю праязны на аўтобус. Машына ў нас ёсць, але на ёй на працу ездзіць муж.

Замест адзення – рамонт у кватэры

Адзенне і абутак для дзяцей у нашай сям’і купляю толькі я, але плаціць за гэта муж. З майго даходу я хіба што шкарпэткі і бялізну ім купіць магу, і тое не кожны месяц. Калі б не зарплата мужа, мне цяжка нават уявіць, як бы я магла ўвогуле нешта купіць дзецям. Ад чыстага сэрца шкада тых жанчын, якія вымушаныя ў адзіночку гадаваць дзяцей. Цяпер гэта, як ніколі, складана.

Мой дзядзька часта ездзіць за мяжу, часам просім яго адтуль нешта прывезці. Там танней. Апранаем дзяцей звычайна на рынку, толькі абутак купляем айчынны і якасны. Асабліва зімовы. Ногі трэба трымаць у цяпле. Малодшаму таксама стараемся новае купляць: пасля старэйшага абутак звычайна далёка “не таварнага” выгляду.

А вось свой з мужам гардэроб мы абнаўляем вельмі рэдка, дамовіліся лепш збіраць грошы на рамонт у кватэры і паездку на мора. Завялі сабе правіла: кроў з носа, а кожны месяц трэба адкласці 200 рублёў. Пакуль атрымліваецца.

Разы два на месяц мы стараемся выбрацца ў горад пагуляць з дзецьмі, у кафэ пасядзець або ў забаўляльны цэнтр зазірнуць. Вядома, правесці час разам з сям’ёй можна і дома, але вельмі ўжо хочацца, каб сыны запомнілі сваё дзяцінства.