Калі будучыя рэжысёры выбіралі тэмы для навучальных фільмаў, ураджэнка Гальшанаў вырашыла зняць кароткаметражку аб праблемах у сям’і. Чаму? Бо 15-гадовай дзяўчынкай адчула, што такое застацца без маці і ледзь не страціць бацьку.
Аліса Красінская сёння працуе асістэнтам рэжысёра ў паспяховай кампаніі. Вучыцца завочна на другім курсе Беларускай акадэміі мастацтваў, мае любімую працу.

Карані дзяўчыны з нашага рэгіёна. Яна нарадзілася ў Гальшанах, але жыла там нядоўга. У хуткім часе пасля нараджэння дачкі бацькі пераехалі ў Мінск.

Памятаю старажытны замак і стронгу ў Гальшанцы

Аднак Аліса ўпэўненая: менавіта гэты куток адыграў у яе жыцці найважнейшую ролю, натхніў, захапіў маляўнічай прыродай і старажытнай архітэктурай, падштурхнуў да творчасці. Бо ў Гальшанах дзяўчына напісала сваё першае апавяданне і песню. Сёння па магчымасці Аліса бывае ў Гальшанах. Кажа, шмат дзе бывала, ёсць  з чым параўноўваць. Але найлепшы адпачынак – на родным беразе.

Аліса на здымках аднаго з фільмаў.

– У Гальшанах увесь час бывала ў бабулі і дзядулі на канікулах. – З гэтымі мясцінамі звязаныя самыя яркія ўспаміны: вялікі ўчастак, бабулін сад, рэшткі старажытнага замка, манастыр, азёры, дзе плавае стронга, рака Гальшанка, сваякі, сябры, аднавяскоўцы, школа, збудаваная дзядулем.

Пра дзядулю, што абараніў доктарскую на пенсіі

Аказваецца, у 1963 годзе дзядуля Алісы Міхаіл Крот ініцыяваў будаўніцтва сярэдняй школы ў Гальшанах.

– У дзядулі ўсё атрымалася, хоць ён не быў у партыі і ніколі не гнаўся за кар’ерай. Дзякуючы яго ініцыятыве у Гальшанах пабудавалі школу, якая не саступала гарадской. У 1960-х гальшанская школа адзначылася на выставе народных дасягненняў у Маскве. Дзядуля дабудаваў на тэрыторыі стадыён, жылы комплекс для настаўнікаў. У хуткім часе з’явіўся новы дзіцячы садок, паліклініка.

Аліса лічыць, што яе дзядуля выратаваў Гальшаны ад вымірання. Бо па плане пасля вайны ў Гальшанах хацелі пабудаваць невялічкую аднапавярховую школу. Мясцовыя жыхары і цяпер жартуюць, што школа для Гальшанаў стала градаўтвараючым прадпрыемствам.

Дзядуля Алісы Міхаіл Крот нарадзіўся ў 1924 годзе. Быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, мёў вышэйшую адукацыю. ВНУ скончыў адразу пасля Другой сусветнай, удзельнічаў у кампаніі па ліквідацыі непісьменнасці. У Гальшаны прыехаў працаваць.

Тут ажаніўся з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Палінай Адамаўнай. У іх нарадзіліся два сыны: бацька Алісы Аляксандр і дзядзька Анатоль. Пасля дарослыя сыны паехалі вучыцца ў Мінск, там і засталіся.

З калегамі па творчаму цэху.

А Міхаіл Сцяпанавіч тым часам выйшаў на пенсію і… падаўся за дзецьмі ў сталіцу. За час працы ў школе ў яго назбіралася шмат навуковых публікацый па літаратуры і краязнаўстве. Са сваімі даследаваннямі настаўнік абараніў кандыдацкую дысертацыю па літаратуры, потым доктарскую.

Уладкаваўся працаваць у Інстытут адукацыі, складаў навучальныя праграмы для школ. Працаваў у інстытуце да 80 год. Да гэтага часу яго сын, бацька Алісы, ужо скончыў інстытут радыёфізікі БДУ “на выдатна” і ў 31 год абараніў доктарскую.

“Так хацелася апынуцца па той бок экрана!”

Сама Аліса тры гады таму скончыла з залатым медалём адну са сталічных школ. Заслужаны медаль уручалі ў тэатры юнага гледача:

– Вось тады я дакладна вырашыла: іду ў творчасць, – прыгадвае Аліса. – Тым больш я скончыла музычную школу, займалася вакалам і фартэпіяна, мела досвед публікацый і выступленняў. Я заўсёды любіла прыдумваць гісторыі, нешта заўважаць у жыцці. З часоў свядомага дзяцінства ў сваіх фантазіях бачыла сцэны, падзеі, персанажаў. А калі глядзела любімыя фільмы і мульцікі, так хацелася апынуцца па той бок экрана!

З маленькімі акцёрамі на здымках кліпа “Стылягі”.

Праз год пасля школы Аліса паступае ў Беларускую акадэмію мастацтваў на аддзяленне рэжысуры і тэлебачання. Да гэтага займалася на курсах пры навучальнай установе, іграла ў народным тэатры “Жывая планета”.

Мара пра паступленне здзейснілася. Але дзяўчына сутыкнулася з прыземленымі фінансавымі праблемамі. Кажа, жыццё ў горадзе дарагое, а ў бацькоў не было магчымасцяў дапамагаць дачцэ. Таму Аліса вырашыла перавесціся на завочнае аддзяленне і пайсці працаваць.

Навучыцца рэжысуры можна толькі на жывой пляцоўцы

– Я прыняла рашэнне: хай буду недаядаць, але падпрацоўваць стану толькі па спецыяльнасці. Бо каму пасля буду патрэбная з дыпломам і без досведу? Нікому. Сістэма размеркавання пасля ВНУ вельмі недасканалая. А тым больш творчая прафесія. Нават лаўрэатаў прэмій дэкан нашага факультэта з цяжкасцю мог уладкаваць хоць куды-небудзь.

Да таго ж Аліса хутка зразумела, што навучыцца рэжысуры і акцёрскаму майстэрству можна толькі на жывой пляцоўцы. Але дзе яе знайсці? Дзе знайсці каманды прафесіяналаў на здымкі студэнцкіх работ? Сродкі, за якія будзеш здымаць?

Профі згаджаліся, але за вялікія грошы. А іх у студэнткі, якая вучыцца на платным аддзяленні, хай сабе са зніжкай, не было.

– Пачала праўдамі-няпраўдамі прабірацца на здымачныя пляцоўкі. Адразу з масоўкай, потым стала дапамагаць рабочым, рэквізітарам, – кажа Аліса. – Потым асвоіла хлапушку і стала падмяняць асноўнага работніка, працаваць з хлапушкай у кароткаметражках і рэкламных роліках, дзе гэта было нескладана.

Калі вам кажуць “патэлефануем”, не верце

Яшчэ Аліса друкавалася ў газетах і часопісах, пісала артыкулы, здымала рэпартажы на розныя тэмы. Кажа, гэта дадавала досведу, а часам, і грошай. Так дзяўчына стала “абрастаць” прафесіяналамі-знаёмымі, склала ўласную каманду для здымак сваіх праектаў. Цяпер яна здымаецца ў эпізодах, працуе асістэнтам рэжысёра ў прэстыжнай кінакампаніі і прымае замовы на здымкі кліпаў, на напісанне сцэнарыяў.

У творчым вобразе.

– Хай недзе мне адмаўлялі, я ўсё роўна вярталася. Людзей часам уражвала мая настырнасць. Калі вам кажуць “мы патэлефануем”, не верце. Не патэлефануюць. Ідзіце зноў, не бойцеся здавацца надакучлівымі. Бо вам жа трэба, каб выбралі менавіта вас. Канкурэнцыя ў індустрыі кіно вялікая, – дзеліцца досведам Аліса.

На здымках патрэбная ўвага і моцныя нервы

На здымачнай пляцоўцы мая субяседніца як асістэнт рэжысёра працуе з хлапушкай, фіксуючы кадры і дублі фільма, сцэны, хранаметраж запісаў. Вядзе мантажныя лісты, вытворчыя справаздачы за змену. Важна нічога не ўпусціць. Гэта як гульня на ўважлівасць. Трэба заўважыць дэталі ў кадрах, асаблівасці плана, касцюма, умець узаемадзейнічаць з усім калектывам, выконваць любыя просьбы, быць пунктуальным і старанным, мець моцныя нервы.

Хлапушка – нязменны інструмент працы асістэнта рэжысёра.

– На здымках заўсёды складаны эмацыйны фон, – дзеліцца субяседніца. – Шмат форс-мажораў. Тут няма звычайных выхадных. Усё адбываецца так, як вырашае прадзюсар. Дрэннае надвор’е, твае хваробы нікога не хвалююць. Гэта павінны разумець кожны, хто хоча звязаць лёс з кіно. Тут не санаторый, але кайф, якога хочацца ўсё больш і больш. Калі няма праекта, адчуваеш сябе нязвыкла.

Аліса працуе ў пары з сяброўкай – асістэнтам па акцёрах. Адказвае за іх прыбыццё, размяшчэнне, дапамагае на пляцоўцы. Мы дапаўняем адна адну – і гэта цудоўна, лічыць Аліса.

Вось каб у сапраўдным жыцці адкруціць кадр назад

А што думае дзяўчына пра свой акцёрскі досвед? Яна перакананая: здымацца ў кіно – гэта цудоўна! Можна з новым дублем адматаць жыццё назад. Вось бы так у сапраўднасці, уяўляе яна.  У кіно можна пражыць шмат жыццяў у адным.

Тэкст для ролі заўсёды вучыўся лёгка: добрая памяць у Алісы з  дзяцінства. Словы паўтарала перад сном. Дзяўчына перакананая: нават самую маленькую ролю трэба пражыць у кіно, як галоўную.

– Касцюмерам са мной лёгка, – кажа Аліса. – Я сама падбіраю касцюм да вобраза. Больш за тое, за гады працы ў мяне сабралася ўласная касцюмерная. Дзялюся рэквізітам з тэатрамі і кінапраектамі. Прадметы інтэр’ера і гардэроба збірала дзе заўгодна. Кожная рэч ляжыць у мяне дома на паліцы пранумераваная і чакае каманды “матор”.

Ад дэпрэсіі ратавала творчасць

Калі студэнтам трэба было выбіраць тэму для навучальнага фільма, Аліса свядома выбрала самую набалелую – аб праблемах у сям’і.

– Справа ў тым, што я перажыла распад уласнай сям’і, калі мне было 15 гадоў, – кажа дзяўчына. – Тата з мамай развяліся. Мама з’ехала назаўсёды. Пасля памерлі бабуля і дзядуля. Мы з татам засталіся адны. Бацька шмат працаваў, каб зарабіць грошай, не мог удзяліць мне патрэбнай увагі. Са школы ніякай дапамогі не было. І вось тады сям’ёй настойліва зацікавіліся органы апекі.

Аліса прыгадвае, што ў той складаны час неакуратна апраналася, у школе ўвесь час была падаўленай. Па яе словах, не разбіраючыся ў прычынах, сацыяльныя службы хацелі пазбавіць тату бацькоўскіх правоў. Але ўсё склалася добра. Ад дэпрэсіі дзяўчынку выратавала творчасць.

У аснове фільма “Калі ў доме гасне святло” – не ўласная гісторыя Алісы, а сюжэт пра яе знаёмых – сям’ю, якая змагаецца з п’янствам бацькі-дыскваліфікаванага спарсмена. Фільм дапамагалі здымаць сябры-калегі, для якіх тэма праблем у сям’і і ювенальнай юстыцыі таксама аказалася не чужой.

https://www.youtube.com/watch?v=ll_VpUpGg5o&feature=youtu.be

Трагічная гісторыя ўласнай сям’і – сёння для Алісы далёкі ўспамін, а магчыма, сюжэт для наступных фільмах. Цяпер Аліса задаволеная жыццём і працай у сталіцы. А Гальшаны лічыць другім домам і месцам, якое некалі натхніла яе на творчасць.

Фотаздымкі забяспечаныя Алісай Красінскай.