Мінабароны Расіі апублікавала рассакрэчаныя дакументы пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны
Міністэрства абароны Расіі выклала на сваім сайце копіі рассакрэчаных архіўных дакументаў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод апублікаваных дакументаў – першая дырэктыва ваеннага камандавання СССР, баявы загад начальніка Генштаба Чырвонай арміі Георгія Жукава, напісаны ад рукі праз тры гадзіны пасля пачатку вайны, а таксама трафейная карта плана «Барбароса», якая прадстаўлена ўпершыню.

Акрамя таго, Мінабароны выклала данясенні камандзіраў воінскіх часцей Чырвонай арміі і ўзнагародныя дакументы з апісаннямі подзвігаў вайскоўцаў.

Нагадаем, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года з нападзеннем Германіі на Польшчу. Многія нашы землякі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях супраць гітлераўскай Германіі ўжо ў верасні 1939-га. 22 чэрвеня 1941 года для жыхароў нашага рэгіёну стала пачаткам яшчэ адной вайны. Пазней яе назвалі Вялікай Айчыннай і яна разглядаецца сёння як частка Другой сусветнай.