Спецыялісты Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск) правядуць адкрытую сустрэчу з віляйчанамі ў найбліжэйшы аўторак, 26 чэрвеня.
Сустрэча пройдзе пры падтрымцы Вілейскага райвыканкама і пры ўдзеле арганізацыі “Жывое партнёрства”. Пачатак – а 14:00 у будынку райвыканкама (вул. Партызанская, 40, актавая зала на другім паверсе).

У размове са спецыялістамі можна будзе даведацца, колькі смецця выкідваецца ў Вілейцы, як яго трэба сартаваць, як можна кіраваць адыходамі і ці можна скараціць іх аб’ём.

Ці кожны з нас можа паменшыць колькасць смецця ва ўласнай сям’і, не мяняючы радыкальна свой лад жыцця? Спецыялісты ўпэўнена кажуць, што так. На сустрэчы яны раскажуць пра ўсе экалагічныя хітрыкі, якія можна пачаць прымяняць у сваім жыцці ўжо сёння. А таксама адкажуць на пытанні мясцовых жыхароў.

У горадзе ў гэты дзень будзе працаваць выстава па адыходам, дзе можна будзе атрымаць інфармацыйныя матэрыялы, а таксама прыняць удзел у майстар-класах па сартаванні смецця для дзяцей і дарослых.

Сустрэча адбудзецца ў межах экспедыцыі Цэнтра экалагічных рашэнняў па гарадах Беларусі “Гарады – ZeroWaste”. Яе мэта – звярнуць увагу на праблему засмечанасці, паколькі колькасць адыходаў, што прадукуюцца ў Беларусі, расце з кожным годам. Сартаванне і пераапрацоўка смецця – толькі адзін з накірункаў бараьцбы з гэтай тэндэнцыяй. Яшчэ адзін кірунак – рабіць так, каб смецце не прадукавалася ўвогуле, то бок прытрымлівацца сістэмы “ZeroWaste” (англ. “нуль адыходаў”).

Пасля Вілейкі эколагі наведаюць Глыбокае, Верхнядзвінск, Мёры і Браслаў.