Існуе выраз: у футболе самае прыгожае — лік на табло. Але лічбы на табло даўно не радуюць мясцовага заўзятара. І хай для другой лігі колькасць гледачоў на трыбунах цалкам прымальная, але патэнцыял стотысячнага горада значна вышэйшы.
А на фанацкім сектары ўсё было і больш шчыльна, і больш сакавіта. Маладзечанскія заўзятары прыйшлі на матч і афарбоўвалі шэрае быццё ў бела-зялёныя колеры. На сваім свяце, дзе яны былі і госці, і арганізатары, фанаты спявалі, скакалі, радаваліся — стваралі настрой усім прысутным на стадыёне.

Не атрымалася дамовіцца з міліцыяй з нагоды фаераў, таму асноўны перфоманс абмежаваўся запускам белых стужак у пачатку гульні. Пасля самім жа і давялося іх хуценька прыбраць, каб не затрымаць пачатак матчу.

Калі маладзечанская каманда прапусціла гол, які апынуўся адзіным у гульні, фанаты зноў заспявалі. Выглядала так, што фанаты — лепшае, што ёсць у нас на «Гарадскім».

Пасля фінальнага свістка футбалісты і некаторыя болбоі падзякавалі хлопцам за падтрымку.

А адзін з лідараў каманды Сяргей Лавор доўга прыходзіў у сябе ў цэнтральным крузе. Ахвотнаму да перамог гульцу асабліва крыўдна раз за разам аказвацца ў ролі прайграўшага.

Матч скончыўся нявесела, але фанаты ўсё роўна адправіліся адзначаць сваё свята за межы стадыёна. Іх любоў да футбола і роднага горада не здольныя азмрочыць ні непрыгожы лік на табло, ні сум плаксівага неба.