За дзень у свеце забіваюць сябе 2300 чалавек, за год – 800 тысяч чалавек.
Беларусь займае шостае месца па распаўсюджанасці самагубстваў пасля еўрапейскіх краін. Гэта пятая прычына смерці сярод працаздольнага насельніцтва пасля сардэчна-сасудзiстых захворванняў, новаўтварэнняў, хвароб органаў дыхання і хвароб органаў стрававання.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ва ўсім свеце штогод адбываецца каля аднаго мільёна суіцыдаў, сярод іх, па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, ад самагубства штогод гіне каля трох тысяч дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 5 да 19 гадоў.

У 30% асоб 14 – 24 гадоў бываюць суіцыдальныя думкі. Суіцыд з’яўляецца «забойцам №2» маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў. «Забойцам №1» з’яўляюцца няшчасныя выпадкі, у тым ліку перадазіроўкі наркотыкаў, дарожныя здарэнні, падзенні з мастоў і будынкаў, атручэнні. На думку ж суіцыдолагаў, многія з гэтых няшчасных выпадкаў на самой справе былі суіцыдамі, замаскіраванымі пад няшчасныя выпадкі.

Калі эксперты маюць рацыю, то галоўным «забойцам» падлеткаў з’яўляецца суіцыд.

Варта памятаць, што многія выпадкі смерці часта не ўдаецца дакладна класіфікаваць. Напрыклад, ніколі нельга дакладна сцвярджаць, якая частка аўтамабільных аварый, утапленняў, падзенняў з вышыні і, асабліва, выкарыстання празмернай колькасці наркотыкаў і алкаголю з’яўляюцца наўмыснымі, а якая – няшчаснымі выпадкамі. Гэта ж тычыцца суіцыдальных спробаў.

Забабоны і факты пра суіцыд

Забабоны: Большасць самагубстваў здзяйсняюць амаль ці зусім без папярэджання.

Факт: Большасць людзей падаюць сігналы папярэджання аб сваіх рэакцыях або пачуццях з-за падзей, якія падштурхоўваюць да самагубства.

Гэтыя сігналы ці заклікі аб дапамозе могуць падавацца чалавекам у форме прамых выказванняў, фізічных прыкмет, эмацыйных рэакцый. Гэта можа гаварыць пра выбар самагубства як сродку пазбаўлення ад болю, захавання кантролю або пераадолення страты.

Забабоны: Не варта гаварыць пра самагубства з чалавекам, схільным, на вашу думку, да яго.

Факт: Гутарка пра самагубства не спараджае і не павялічвае рызыку яго здзяйснення. Наадварот, зніжае.

Лепшы спосаб даведацца пра суіцыдальныя намеры – задаць прамое пытанне.

Адкрытая размова са шчырым клопатам і турботай ад вас стануць крыніцай палягчэння і нярэдка адным з ключавых элементаў у прадухіленні непасрэднай небяспекі самагубства. Пазбяганне ў гутарцы гэтай тэмы можа стаць дадатковай прычынай, каб звесці рахункі з жыццём.

Забабоны: Калі чалавек кажа пра самагубства, то ён яго не здзейсніць.

Факт: Людзі, што зводзяць рахункі з жыццём, звычайна перад гэтым прама ці ўскосна даюць ведаць каму-небудзь пра свае намеры.

Чацвёра з пяці людзей, якія маюць намер пакончыць з сабой, перад смерцю ў той ці іншай форме гавораць аб гэтым жаданні з іншым чалавекам.

Забабоны: Суіцыдальныя спробы, што не прыводзяць да смерці, толькі прыцягваюць увагу.

Факт: Суіцыдальныя формы паводзін або «дэманстратыўныя» дзеянні – гэта заклік ці просьба аб дапамозе, якія пасылаюць іншым людзям.

Калі ніхто не адгукнецца, то вельмі лёгка перайсці ад адчайнага крыку да высновы, што ніхто ўжо ніколі не дапаможа.

Забабоны: Самазабойца адназначна жадае памерці.

Факт: Намеры большасці суіцыдальных людзей застаюцца дваістымі аж да моманту наступлення смерці.

Вельмі нешматлікія захоўваюць упэўненасць у сваіх жаданнях або адназначным рашэнні звесці рахункі з жыццём. Большасць людзей адкрытыя для дапамогі, нават калі яна навязваецца ім незалежна ад іх волі.

Забабоны: Тыя, хто накладаюць на сябе рукі, псіхічна хворыя.

Факт: Сапраўды, наяўнасць псіхічнага захворвання з’яўляецца фактарам высокай рызыкі самагубства. Аднак многія, вельмі многія здзяйсняюць самагубства, не пакутуючы ні на якое псіхічнае захворванне.

Для іх гэта ўсяго толькі часовая сітуацыя, з якой яны не бачаць іншага выйсця.

Забабоны: Калі чалавек аднойчы распачне суіцыдальную спробу, то больш не паўторыць.

Факт: Хоць большасць асоб, якія ўчынілі суіцыдальную спробу, звычайна не пераходзяць да самагубства, аднак многія з іх паўтараюць гэтыя спробы. Частата самагубстваў у асоб, якія раней здзяйснялі суіцыдальныя спробы, у 40 разоў вышэйшая.

Забабоны: Злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі не мае дачынення да самагубстваў.

Факт: Залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў з’яўляецца фактарам рызыкі суіцыдальных паводзін. П’янства і наркотыкі могуць істотна садзейнічаць звядзенню рахункаў з жыццём.

Забабоны: Дапамагчы могуць толькі прафесіяналы.

Факт: Патрабуецца толькі ўвага да таго, што чалавек кажа, прымаць гэта ўсур’ёз, аказваць падтрымку і звяртацца па адпаведную дапамогу. Многія людзі гінуць толькі таму, што ім не прапанавалі першую дапамогу і падтрымку.

Забабоны: Калі ў чалавека ёсць схільнасць да самагубства, яна застанецца назаўжды.

Факт: Большасць суіцыдальных крызісаў з’яўляюцца часовымі і спыняюцца пры адпаведнай дапамозе.

Аднак калі эмацыйны стрэс працягваецца, палёгка не надыходзіць, а дапамога не аказваецца, захоўваецца рызыка суіцыдальных паводзін.

Пасля атрымання прафесійнай дапамогі чалавек часцей за ўсё здольны аднавіць звычайную жыццядзейнасць.

Забабоны: Самагубства – з’ява спадчынная.

Факт: Гэта складанае пытанне. Сапраўды, у апошні час навукоўцы інтэнсіўна шукаюць гены, якія могуць мець дачыненне да фарміравання суіцыдальных паводзін.

Забабоны: Калі не пакінулі запіску, то тое, што здарылася, нельга лічыць самагубствам.

Факт: Толькі чвэрць ад усіх самазабойцаў пакідаюць запіскі.

Руслан БАТУРЭВІЧ, дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт-псіхіятр сектара судова-псіхіятрычных экспертыз Маладзечанскага міжраённага аддзела Камітэта судовых экспертыз.