Дзяцей заўсёды цікавіць вуліца і ўсё, што на ёй адбываецца. Часта, захопленыя чым-небудзь незвычайным, яны трапляюць у небяспечныя сітуацыі. Таму важна навучыць дзяцей выконваць правілы дарожнага руху.
У яслях-садку №13 у Смаргоні рэгулярна надаюць увагу бяспецы дзяцей, а таксама ўзбраенні іх ведамі ў гэтым накірунку.

Для павышэння бяспекі дзяцей мы і абсталявалі ў садку пляцоўку «Астравок бяспекі».

На асфальце аформілі разметку з пешаходным пераходам, раздзяляльнай паласой, скрыжаваннем, дзе нашы дзеткі могуць штодня практыкавацца ў выкананні правілаў дарожнага руху.

Ёсць атрыбуты для правядзення ролевых гульняў, макеты машын, касцюмы розных службаў па бяспецы. Для абыгрывання розных дарожных сітуацый абсталявалі заправачную станцыю, бензакалонку, мыйку для машын, станцыю тэхабслугоўвання, дарожныя знакі, святлафор.

Дзеці вучацца правільна пераходзіць дарогу, рэгуляваныя і нерэгуляваныя скрыжаванні, правільна паводзіць сябе на прыпынку пасажырскага транспарту.

Нашы выхаванцы ведаюць, што па вуліцы трэба хадзіць спакойным крокам, пераходзіць дарогу толькі па пераходзе пры зялёным сігнале святлафора, ведаюць дарожныя знакі.