Суд Маладзечанскага раёна вынес прысуд у адносінах да 24-гадовай жыхаркі Маладзечна.
У 2010 годзе яна размясціла на сваёй старонцы “Укантакце” ў свабодным доступе відэа парнаграфічнага зместу. Яго не адзін раз паглядзелі і скапіравалі іншыя карыстальнікі.

Падчас суда абвінавачаная прызнала сябе вінаватай цалкам. Жанчына патлумачыла, што ў 2010 годзе знайшла ў інтэрнэце відэа, якое тады падалося “прыкольным”. Размясціла на сваёй старонцы. Яна не ведала, што відэа з’яўляецца парнаграфічным. І калі размясціць яго ў свабодным доступе на старонцы, становішся распаўсюднікам парнаграфіі.

Калі гэта патлумачылі міліцыянеры, жанчына выдаліла сваю старонку ў сацыяльнай сетцы.

Паводле санкцыі артыкула, прадугледжанае пакаранне толькі ў выглядзе пазбаўлення свабоды ад двух да чатырох год.

Аднак суд улічыў, што абвінавачаная раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, мае станоўчыя характарыстыкі з вучобы і працы і раскаялася ў здзейсненым. Да карціны дадалі тое, што жанчына гадуе дваіх малых дзяцей.

Таму суд вынес такое пакаранне: пазбаўленне свабоды на два гады з адтэрміноўкай на год. Гэта значыць, што калі ў гэты год жанчына законапаслухмянымі паводзінамі дакажа сваё выпраўленне, суд можа прыняць рашэнне аб вызваленні ад прызначанага пакарання.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.