Вілейская міліцыя 27 чэрвеня падзякавала загадчыцы комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы Леакадзіі Рогач, якая раскрыла крадзеж камбікорму на сваім прадпрыемстве.
Намеснік начальніка Вілейскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Кацярына Млечко распавяла:

– Здарэнне адбылося ў апошніх чыслах мая ў вёсцы Макарычы ў комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы. Два жыхары вёскі Лыцавічы – адзін жывёлагадоўца на комплексе, другі непрацуючы – скралі 675 кілаграмаў камбікорму. Сума шкоды склала 320 рублёў.

Па словах Кацярыны Млечкі, зламыснікі паспелі вывезці камбікорм з прадпрыемства і адвезці яго ў Лыцавічы.

Загадчыца Леакадзія Рогач бачыла момант крадзяжу і ведала, дзе жывуць мужчыны, якія яго здзейснілі. Яна патэлефанавала ўчастковаму інспектару міліцыі. Яны разам выехалі ў Лыцавічы, і злачынства было раскрытае.

Ад імя начальніка Вілейскага РАУС Аляксандра Каратыша падзяку, кветкі і прэмію ў памеры 50 рублёў Леакадзіі Мікалаеўне ўручылі Кацярына Млечка і намеснік начальніка РАУС, начальнік аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Аляксандр Ломаць.