Выкідваеце пластык асобна? А ці ведаеце вы, што пластыкавыя накрыўкі з’яўляюцца каштоўным матэрыялам і перапрацоўваюцца асобна?

Прыезд у Вілейку каманды Цэнтра экалагічных рашэнняў і выступленне Марыі Сума і Наталлі Блышчык дазволілі па-новаму зірнуць на раздзельны збор адходаў і натхнілі віляйчан-аднадумцаў падтрымаць рэалізацыю дабрачыннага праекта “Новае жыццё ў абмен на вечкі”.

Арганізатары праекта здаюць сабраныя пластыкавыя накрыўкі перапрацоўчым прадпрыемствам на платнай аснове, а атрыманыя сродкі перадаюць для дапамогі хворым дзецям. У гарадах Беларусі пастаянна адкрываюцца новыя пункты прыёму накрывак, і нават гандлёвая сетка “Віталюр” у Мінску падтрымала праект.

На фестывалі моладзевых субкультур “Энергія маладосці – 2018” 30 чэрвеня ў 12 гадзін у Гарадскім парку на інтэрактыўнай пляцоўцы “Планета навуковых цудаў” будзе прыём накрывак.

Удзельнікі, якія прынясуць 50 пластыкавых накрывак (чыстых і без ўкладышаў), атрымаюць у падарунак льняную экасумку, а тыя, хто прынясе 100 — элегантную экасумачку.

Пастаянныя пункты прыёму накрывак будуць працаваць у Вілейскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (г.Вілейка, вул.Савецкая, 54) і ў сярэдняй школе №3 (г.Вілейка, вул. Чайкоўскага, 44).