Калі складаць свой топ беларускіх цікавостак альбо адметных мясціх з непаўторнай атмасферай, то Дубок будзе ў першых шэрагах. Драўляная, 90-гадовая капліца на курганных могілках, колішні святы гай, дзе кожнае дрэва было святым, і ў лясах яшчэ засталіся сляды паганскіх ахвярнікаў, зараз называецца кальварыя Дубок.
Падаецца, што той дух даўніны яшчэ жыве тут і хаваецца дзесьці па берагах Вяллі альбо ў дупле старога, болей як 600-гадовага дуба, які яшчэ памятае часы Ягайлы з Вітаўтам.

Сёлета ў Дубку было не так шмат людзей. Прыехалі парафіяне з суседніх касцёлаў, цэлы аўтобус прывёз бабуляў з суседніх Жодзішак, госці з Гародні, Мінска і Вільні.

Было ціха, святочна і ўтульна. Святары вялі службу, граў акардыён, шапацелі дубовыя лісточкі.

Калі з надвор’ем не пашанцавала пілігрымам у Будславе, дык у Дубку ўсё прашло на славу. Шэрае неба паміж кронаў дубоў давала незвычайна мяккае святло і дождж асмеліўся лінуць толькі тады, калі людзі пайшлі да лясных крыжоў і каплічак.

Дзіву даешся мясцовым рупліўцам.  Колькі іх тут засталося ў навакольных Дубку, Навасёлках, Антонішках? Усё болей лецішчы альбо пустыя хаткі, а яны ўсё паляпшаюць сваю каплічку. Колькі год таму яны замянілі стары брыдкі шыфер на металачарапічны, абнавілі каляровыя сцяжкі, упрыгожылі калоны. І гэта ўсё для таго, каб адчыніць дзверы раз на год, на першую нядзелю ліпеня, на так званыя зялёныя святкі.

У мінулыя часы дубовыя і бярозавыя галінкі ўпрыгожвалі месца  стваралі непаўторны вобраз лясной бажніцы, самага таямнічага храма ў Беларусі, храма цішыні.

Тут не важна, якой вы канфесіі, бо месца, у якім стагоддзі маліліся продкі, не можа не крануць беларускай душы.

Кальварыяй беларусы называюць святое месца, размешчанае на былых язычніцкіх капішчах.