11 чалавек прыцягнулі да адказнасці за распіванне піва на прыродзе.
У чатырох месцах масавага адпачынку Маладзечаншчыны грамадскую бяспеку і дарожную забяспечвае міліцыя.

Пра гэта нам паведамілі ў Маладзечанскім РАУС.

Маладзечанскі райвыканкам дазволіў работу пляжаў на вадаёмах Удранка паблізу дзіцячага аздараўленчага лагера “Маяк” ля Радашкавічаў, філіяла санаторыя “Сасновы Бор” ААТ “Белаграздраўніца”, у аграгарадку “Беразінскае”, дома адпачынку “Алеся” ААТ “Белтрансгаз”.

Кантралююцца і стыхійныя месцы масавага адпачынку ля вадаёмаў, калі яны будуць патрабаваць такога кантролю.

У такіх месцах, а таксама ў месцах, забароненых для купання, міліцыя ўдзельнічае і будзе ўдзельнічаць у рэйдах па выяўленні распівання спіртнога, купання і развядзення вогнішчаў.

У ходзе такіх мерапрыемстваў ля водных аб’ектаў 38 чалавек прыцягнутыя да адказнасці за з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе. 11 з іх – за распіванне піва. Па лініі ДАІ – 26.

Што чакае парушальнікаў

Арт. 15.58. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адказнасць за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах. Штраф да 12 базавых велічынь (больш за 200 рублёў).

Арт. 17.1. Кодэкса. Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абражальнае прыставанне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян. Штраф да 30 базавых велічынь (больш за 500 рублёў), адміністрацыйны арышт.

Арт. 17.3. Адміністрацыйная адказнасць за распіванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення, спажыванне ў грамадскім месцы наркатычных сродкаў ці псіхатропных рэчываў без прызначэння доктара, або спажыванне аналагаў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Штраф да васьмі базавых велічынь (больш за 100 рублёў).

Арт. 23.63. Купанне ў забароненых месцах. Штраф да трох базавых велічынь (больш за 50 рублёў).